wd wp Пошук:

Пагонны двор з Садавічаў

Пагонны двор пачатку ХХ стагоддзя з вёскі Садавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Перанесены ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў в. Азярцо[1], дзе прадстаўлена ў экспазіцыі «Цэнтральная Беларусь».

Гісторыя

Дом пабудаваў Платон Гуцановіч (1850-я гг. — 1944-45), які ў самым пачатку XX стагоддзя з’ехаў на заробкі ў Амерыку. У Чыкага засталіся яго старэйшыя дзеці, сам Платон вярнуўся на радзіму, пабудаваў дом. У Платона і яго жонкі Ульяны было шаснаццаць дзяцей, з якіх выжыла восем[2]. Двор пачаў будавацца ў пачатку XX ст., але гаспадарчыя пабудовы ў канцы пагону былі прыбудаваны толькі ў канцы 1930-х гадоў[3].

Архітэктура

Падворак

З’яўляецца прыкладам пагоннай забудовы на канчатковым этапе свайго развіцця: жылыя і шматлікія гаспадарчыя пабудовы выцягнуты на 36 м і знаходзяцца пад агульнай двухсхільнай страхой. Яны ствараюць цэласны ансамбль, які ўражвае аб’ёмным адзінствам і ўпарадкаванасцю пабудоў[1].

Галоўнае звяно мае схему: хата — сені — сенцы — клець — істопка — камора. Жыллё і сумежныя з ім памяшканні ўтвараюць развітую па функцыянальных сувязях планіроўку. Да жылога звяна далучаецца шэраг гаспадарчых памяшканняў для розных відаў свойскай жывёлы, захоўвання інвентару, дроў, сена. Зрубы хаты з абчасаных на два канты бярвёнаў, астатнія памяшканні — з дыляў. Страха мае саламянае пакрыццё. Над шчытом схілы прыкрываюць дошкі — ветраніцы з разьбяным вільчыкам. Шчыт пераходзіць у застрэшак, апорная жэрдка якога ўпрыгожана разьбяным паяском[1].

Інтэр’ер хаты пачынаецца з шырокай пабеленай печы з камінчыкам збоку. Падлога ў хаце глінабітная[1]. У доме экспануецца вялікая колькасць рэчаў, звязаных з сям’ёй Гуцановічаў[2].

У гаспадарчай пабудове сядзібы прадстаўлена для агляду калекцыя ступ[2].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. 1 2 3 ХАТА З ВЁСКІ САДАВІЧЫ КАПЫЛЬСКАГА РАЁНА МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ.
  3. А. И. Локотко. Типы традиционной застройки крестьянского двора в Белоруссии (XIX — середина XX в.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
Катэгорыя·Пагонныя двары Беларусі
Катэгорыя·Садавічы
Катэгорыя·Перамешчаныя будынкі і збудаванні Беларусі
Катэгорыя·З’явіліся ў XX стагоддзі
Катэгорыя·Славутасці Капыльскага раёна
Катэгорыя·Помнікі беларускага народнага дойлідства