Павел Паўлавіч Лату́шка (нар. 10 лютага 1973, Мінск) — беларускі дыпламат, дзяржаўны дзеяч Беларусі.
Скончыў юрыдычны факультэт БДУ (1995, пачынаў вучыцца на гістарычным). Завочна скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт (1996). У 1995—1996 быў аташэ дагаворна-прававога ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Беларусі. У 1996-2000 займаў пасады віцэ-консула, консула генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку (Польшча). У 2000-2002 — начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі. З 6 снежня 2002 года[1] да 31 кастрычніка 2008 Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Польшчы. Колькі разоў (2006[2]) МЗС Беларусі часова адклікала Паўла Латушку для кансультацыяў[3]. Быў наймаладзейшым беларускім паслом[3]. 4 чэрвеня 2009 прызначаны на пасаду міністра культуры Беларусі[4]. 16 лістапада 2012 Павел Латушка прызначаны паслом у Францыю і пры ЮНЕСКА. 16 лістапада 2012 года празначаны паслом Беларусі ў Францыі[5], 15 студзеня 2019 года ўказам Прэзідэнта № 21 ад вызвалены з пасады[6]. У хуткім часе прызначаны дырэктарам Купалаўскага тэатра[7].
17 жніўня 2020 загадам міністра культуры Беларусі Бондара звольнены з пасады гендырэктара Купалаўскага тэатра. Прычынай звальнення стала тое, што ён 14 жніўня асудзіў падаўленне мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі і прыйшоў да дэманстрантаў на плошчу Незалежнасці, а 16 жніўня выйшаў на Марш за свабоду і заявіў, што ўлады сваімі дзеяннямі адчынілі скрыню Пандоры[8].
Увайшоў у склад Прэзідыума Каардынацыйнай рады. Быў вымушаны пакінуць Беларусь. Узначаліў Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, створанае ў кастрычніку 2020 года з мэтай забяспечыць мірнае завяршэнне выканання функцый нелегітымнымі органамі ўлады і стабілізацыі сістэмы кіравання краінай пасля пераходу ўлады да народа[9].
У афіцыйных стасунках паслядоўна карыстаецца беларускай мовай[10]. Сябар Таварыства беларускай мовы[11].
Разведзены[12], ёсць дачка — Я́на[13].