wd wp Пошук:

Нікала дэ Ліра

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ліра.

Нікала́ дэ Ліра́, таксама Мікалай Ліранскі (лац.: Nicolaus de Lyra, фр.: Nicolas de Lyre; каля 1270, Ла-Вей-Лір — 23 кастрычніка 1349, Парыж) — французскі багаслоў і прапаведнік, прафесар Парыжскага ўніверсітэта.

Біяграфія

Паводле некаторых звестак, паходзіў з яўрэйскай сям’і, якая прыняла хрышчэнне, аднак сучасныя гісторыкі лічаць гэта выдумкай і звязваюць паходжанне легенды з яго добрым веданнем іўрыта. Вядома, што ў 1291 годзе ён стаў манахам ордэна францысканцаў, жыў у кляштары Вернёй-сюр-Аўр. Неўзабаве быў накіраваны ў Парыж для вывучэння багаслоўскіх навук, у 1307 годзе атрымаў ступень бакалаўра, у 1308 годзе — магістра. У 1309 годзе стаў доктарам Сарбоны, з 1319 па 1324 год — правінцыйным міністрам (святаром) Францыі (Іль-дэ-Франс, паўночнай Пікардыі і Шампані), затым на той жа пасадзе ў Бургундыі. У 1310 годзе прымаў актыўны ўдзел у час працэсу паэтэсы Маргарыты Парэтанскай. У 1330 годзе пераехаў у Парыж, дзе да канца жыцця займаўся багаслоўскімі даследаваннямі, у першую чаргу пытаннямі блажэннага бачання — сумесна з дваццаццю васьмю іншымі багасловамі па загадзе караля Філіпа IV Прыгожага.

Склаў першы падрабязны каментарый да ўсіх кніг Старога і Новага запавету у форме гутарак («Postilla litteralis super totam Bibliam»), які ў сярэднія вякі быў распаўсюджаны ў многіх спісах. Пасля вынаходства кнігадрукавання каментарый неаднойчы выпускалі друкарскім спосабам. Выходзілі асобныя выданні каментарыя да ўсёй Бібліі, да Евангелля, да пасланняў апостала Паўла. Вялікім фарматам і ў некалькіх тамах выходзіла «Біблія» з каментарыямі Нікала дэ Ліра на лацінскай мове (1481, Венецыя; 1482—83, 1485, 1487, 1489, 1493, 1497, Нюрнберг), на нямецкай мове (каля 1478, Кёльн, 1494, Любек).

На працягу стагоддзяў сачыненні дэ Ліра служылі неабходным дапаможнікам для багасловаў і прапаведнікаў, што прывяло да з’яўлення прымаўкі «nisi Lyra lyrasset, totus mundus delyrasset» (не іграла б Ліра, увесь свет бы шалеў), якую Марцін Лютэр, на якога працы дэ Ліра таксама аказалі вялікі ўплыў і які ў сваіх постылах (пропаведзях) многае запазычаў з яго сачыненняў, замяніў фразай «si Lyra non lyrasset, Lutherus non saltasset» (не іграла б Ліра, не скакаў бы Лютэр).

Уплыў на выданні Скарыны

Францыск Скарына выкарыстаў яго каментарый пры падрыхтоўцы асобных біблейскіх кніг. П. У. Уладзіміраў лічыў, што каментарый Нікала дэ Ліра з’явіўся крыніцай для правядзення Скарынам паралеляў паміж Старым і Новым запаветам у прадмове да кнігі «Ісус Навін», для супастаўлення асобных навуковых дысцыплін і біблейскіх кніг у агульнай прадмове да ўсёй «Бібліі». Скарына ўслед за Нікала дэ Ліра прыводзіць у назвах кніг і ў прадмовах словы і фразы са старажытна-яўрэйскага тэксту Бібліі з іх перакладамі (у Нікала дэ Ліра — на грэчаскую і лацінскую мовы, у Скарыны — дадаткова і на беларускую мову). Якім выданнем каментарыяў карыстаўся Скарына, пакуль не ўстаноўлена; ёсць меркаванне, што адным з выданняў А. Кобергера.

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #119238683 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 10 сакавіка 2015.
  2. Nicholas of Lyra // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Czech National Authority Database Праверана 23 лістапада 2019.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Філосафы XIV стагоддзя
Катэгорыя·Філосафы Францыі
Катэгорыя·Рэлігійныя дзеячы Францыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Памерлі 23 кастрычніка
Катэгорыя·Выпускнікі Парыжскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў дэпартаменце Эр
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1270 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Парыжы
Катэгорыя·Выкладчыкі Сарбоны
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў 1349 годзе
Катэгорыя·Багасловы Францыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных