Новагародская харугва, або харугва Новагародскага ваяводства (польск.: Chorągiew nowogródzka) — геральдычны сцяг паспалітага рушэння Новагародскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.
Харугву чырвонага колеру з дзвюма косамі, з выявай на пярэднім баку герба Вялікага Княства Літоўскага — «Пагоні»[1].
Б. Кёне ўдакладняе, што тым часам тарча ў вершніка была чырвонага колеру[2].
Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў ваяводствы сталі і ваеннымі акругамі[3], якія фармавалі тэрытарыяльнае воінскае падраздзяленне — частку войска, «пры якой ёсць харугва (сцяг) або значок»[4].
Для яўнага адрознення ад каронных і пазначэння належнасці ваяводстваў да Вялікага княства Літоўскага, Статутам 1566 года было вызначана, што ўсе ваяводскія харугвы на пярэднім баку маюць выяву вялікакняжацкага герба «Пагоні»[5]. У 1564—1566 гадах усе ваяводствы атрымалі харугвы адзінага ўзору з дзяржаўнага скарбу. Вялікая харугва ваяводства ўяўляла сабой аднакаляровае прамавугольнае палотнішча ў «трыццаці і пяці локцяў» даўжынёй з дзвюма касіцамі[6].
Асноўны колер харугвы быў чырвоны, хоць часам колер харугвы апісваюць як «пелісты» (паласаты)[7][8], то бок складаўся з двух колераў або адценняў.
Зыгмунт Глогер пісаў, што ў ваяводства было два герба — срэбная «Пагоня» на чырвонай тарчы і чорны анёл на чырвонай тарчы[9]. Бернард О’Конар[en] сцвярджае, што «Пагоня» была на блакітным полі[10].
Колер павятовых харугваў аналагічныя ваяводскім, з той толькі розніцай, што павятовая была меншага памеру і мела толькі адну касіцу. Захавалася харугва Слонімскага павета Новагародскага ваяводства, дзе на адным баку выяўлена «Пагоня» на светла-блакітным полі. На сучаснай рэканструкцыі харугвы з Музея МУС Беларусі «Пагоня» на светла-шэрым, амаль белым фоне з блакітным адлівам[11].
Аляксей Шаланда сцвярджае, што гербам Новагародскага ваяводства быў «у полі блакітным архангела Міхаіл каля брамы раю з мячом у правай руцэ і распраўленымі крыламі, у белай вопратцы, твар і рукі натуральнага колеру»[12]. Ён быў на ваяводскай харугве ў 1507—1565/1566 гадах. Чорны анёл на чырвоным шчыце — памылка (здагадка) Барташа Папроцкага, які ніколі не бачыў харугвы, але чуў, што гербам з’яўляецца анёл. Ведаючы, што ў Кіеўскага ваяводства гербам быў анёл у белым адзенні на чырвоным шчыце, ён вырашыў, што ў Навагрудскага ваяводства герб не можа быць такім жа, і змяніў колер анёла на чорны, разам з тым і выдаліў меч. Такое апісанне апублікавана ім у кнізе «Гняздо дабрачыннасці…» (польск.: «Gniazdo cnoty…», 1578), і затым шматкротна паўторана польскімі геральдыстамі ў сваіх творах[13].
Характэрнай рысай павятовых або ваяводскіх харугваў быў прамавугольны надпіс вакол герба з імем манарха, а таксама надпіс з тэрытарыяльнай назвай харугвы[14].