Міхкель Мут (эст.: Mihkel Mutt; нар. 18 лютага 1953, Тарту) — эстонскі пісьменнік, журналіст, літаратурны і тэатральны крытык.
Нарадзіўся ў сям’і перакладчыка і англіста Алега Мута. Вучыўся ў тартускай сярэдняй школе № 8. У 1971—1976 гадах вывучаў эстонскую філалогію ў Тартускам універсітэце. Пасля ўніверсітэта і да 1987 года працаваў рэдактарам у выдавецтве, а таксама розных газетах і літаратурных часопісах — газеце Тартускага ўніверсітэта (1974—1975), часопісе «Looming» (1977—1986), газетах «Eesti Ekspress», «Eesti Aeg» і «Hommikuleht» (1991—1993)[3]. Пасля кароткі час быў фрылансерам, затым два гады працаваў драматургам у Талінскім Тэатры юнага гледача (цяпер Гарадскі тэатр). У 1991—1992 гадах быў кіраўніком інфармацыйнага бюро ў МЗС Эстоніі[4].
У 1993—1997 гадах зноў фрылансер. У 1997—2005 — галоўны рэдактар газеты «Sirp», а з лістапада 2005 па люты 2016 года — галоўным рэдактарам буйнога эстонскага літаратурнага часопіса «Looming»[5].
З 1980 года член Саюза пісьменнікаў Эстоніі, некалькі разоў уваходзіў у праўленне. З 1992 года член эстонскага ПЭН-клуба, у 1996—1999 гадах яго прэзідэнт.
Міхкель Мут з 1970-х гадоў публікуе навелы, крытычныя артыкулы і эсэ. Першая кніга, зборнік апавяданняў «Вучань Фабіяна», выйшла ў 1980 годзе і станоўча ацэненая адным з крытыкаў як «прыемна дасціпная». Той жа крытык паставіў аўтара ў адзін шэраг з Вайна Вахінгам, Маці Уньтам і Яакам Йыэруйтам[6]. У 1981 годзе гэты зборнік атрымаў прэмію імя Ф. Тугласа. Затым выйшлі кнігі «Мужчыны» (1981), сатырычны раман «Мышы на ветры» (1982), «Замры» (1985), «Дарагія пакаленни» (1986), «Плач старога Фабіяна» (1989) і іншыя[3].
Прозу Мута вылучае іронія і сатыра. Раманы прысвечаны культурна-сацыяльным і міжасобасным праблемам, для іх характэрна ўласцівая аўтару нетрадыцыйная з’едлівасць[7]. Сярод упадабаных тэм творы — інтэлігенцыя, у прыватнасці, творчая інтэлігенцыя. Мут адлюстроўвае яе часта гратэскава, самаіранічна і крыху аўтабіяграфічна[3]. Творы Міхкеля Мута неўзабаве сталі папулярнымі і ў эмігранцкіх колах у Еўропе[8].
Міхкель Мут аўтар дзвюх кніг для дзяцей «Französisch!» (1981) і «Дзед Мароз» (1986) пра праблемы сучаснай сям’і. Кніга «Дзед Мароз» у 1987 годзе атрымала Літаратурную прэмію імя Ю. Смуула[3].
Таксама вядомы як эсэіст, палітычны аглядальнік, літаратурны і тэатральны крытык і перакладчык. Крытычныя артыкулы Мута вылучае эрудыцыя і нестандартнае мысленне, пісаў і пародыі на тэатральныя тэмы. Таксама аўтар сцэнарыяў, паводле якіх зняты тэлефільм «1991» і тэлесерыял «Сальманы»[3]. Пісаў падарожныя нарысы пра Новую Зеландыю, Манголію, Швецыю і Англію[5]. Урэшце, у 2009—2011 гадах выдаў шэсць тамоў сваіх мемуараў.
Паасобныя творы на беларускую пераклаў Сяргей Шупа.