У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сеўрук.
Міхаіл Канстанцінавіч Се́ўрук (27 лютага 1905, Варшава — 14 сакавіка 1979, Нясвіж) — беларускі мастак–жывапісец і графік.
Нарадзіўся ў Варшаве, дзе на той момант рэвізорам-эканамістам Надвісленскай чыгункі працаваў яго бацька, У 1909 годзе сям’я пераехала ў Брэст, дзе хлопчык пайшоў у першы клас гімназіі. З пачаткам Першай сусветнай вайны сям’я пераехала ў Маскву, дзе на фармаванне зацікаўленасці жывапісам вялікае ўражанне зрабіла наведванне Траццякоўскай галерэі. У 1919 годзе сям’я вярнулася ў мястэчка Сноў, дзе праваслаўным святаром служыў дзед па маці Стэфан. У 1926 годзе скончыў Нясвіжскую гімназію. У 1927 годзе пасля звальнення з тэрміновай службы ў польскай арміі з’ехаў у Вільню, дзе 18 верасня напісаў прашэнне аб залічэнні на мастацкі факультэт Віленскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя. Першыя два гады навучання аддаваў перавагу скульптуры ў майстэрні Баляслава Балзукевіча. З трэцяга курса перайшоў у майстэрню да Людаміра Сляндзінскага. Сярод яго любімых настаўнікаў быў таксама Аляксандр Штурман, які вёў майстэрню пейзажу.
Скончыўшы мастацкі факультэт у 1932 годзе, жыве і працуе ў Вільні.
У выставах пачаў удзельнічаць з 1937 года. Разам з Я. Драздовічам, П. Сергіевічам, Я. Горыдам быў адным з арганізатараў Віленскага таварыства мастакоў[2]. Сябраваў з Пётрам Сергіевічам[3].
З 1939 жыў у Нясвіжы. У пасляваенны час выкладаў маляванне і чарчэнне ў агульнаадукацыйнай школе, кіраваў мастацкай студыяй пры Доме культуры.
Сябра Саюза мастакоў БССР з 1946 г.
Памёр у Нясвіжы. Пахаваны на мясцовых могілках.
Як пісаў В. Шматаў, “у асобных малюнках Сяўрука адчуваецца пэўны ўплыў Сляндзінскага з яго імкненнем да манументалізацыі і абагульнення формы, яе скульптурнасці”[4]. Пачатковым працам характэрны рысы рамантызму. Больш познія работы адрозніваюцца народнасцю вобразаў. Сярод мастацкіх прац: тэматычныя жывапісныя кампазіцыі «На ўборцы буракоў» (1936), «Жніво» (1937), «Новы дом» (1968), графічныя творы «Віленская Alma mater» (1937) і інш.
Аўтар вокладак часопіса “Калоссе”, зборнікаў вершаў Максіма Танка «На этапах» (1936) і песень Рыгора Шырмы «Наша песня» (1938).
У пасляваенныя гады па-ранейшаму шмат маляваў, пераважна партрэты, выкананыя алоўкам, сангінай, вуглём. Большасць карцін 1960-70-х прысвечана людзям калгаснай вёскі.
Працы Сеўрука захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, музеях Вільні, квартэры-музеі, а таксама ў фондах Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея (1114 работ)[3].