У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Прыгодзіч. Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч (1 студзеня 1953, Лышча, Пінскі раён, Брэсцкая вобласць) — беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук (2000), прафесар (2006), загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы філалагічнага факультэта БДУ.
Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч нарадзіўся 1 студзеня 1953 г. у вёсцы Лышча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці.
Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура», працаваў выкладчыкам, старшым выкладчыкам і дацэнтам кафедры беларускай мовы.
У 1982 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Складаныя прыметнікі ў старабеларускай мове» (пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук прафесара Л. М. Шакуна). З 1993 г. загадвае кафедрай гісторыі беларускай мовы.
У 2000 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Словаскладанне ў гісторыі беларускай мовы». Адначасова з гэтым была надрукавана манаграфія «Словаскладанне ў беларускай мове».
Даследуе праблемы гісторыі словаўтварэння ў беларускай мове, графіка-арфаграфічныя і палеаграфічныя асаблівасці помнікаў беларускага пісьменства, інавацыйныя працэсы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Удзельнік шматлікіх міжнародных і агульнадзяржаўных лінгвістычных канферэнцый і сімпозіумаў у Беларусі, Венгрыі, Польшчы, Расіі, на Украіне.
Займаецца складаннем і распрацоўкай вучэбна-метадычных выданняў і дакументаў, неабходных для вучэбнага працэсу ў ВНУ. Удзельнічаў у падрыхтоўцы «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі», «Беларускай энцыклапедыі» (у 18 тамах), галіновай энцыклапедыі «Беларуская мова», энцыклапедыі «Республіка Беларусь».
М. Р. Прыгодзіч з’яўляецца старшынёй экспертнага савета па мовазнаўстве вышэйшай атэстацыйнай каміссіі Рэспублікі Беларусь, членам секцыі філалогіі вучэбна-метадычнага аб’яднання ВНУ Рэспублікі Беларусь, членам вучонага савета філалагічнага факультэта, намеснікам старшыні Камітэта па прысуджэнні прэміі імя У.Пічэты (філалогія), а таксама намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Веснік БДУ» (серыя ІV), часопіса «Роднае слова», членам рэдкалегіі часопіса «Беларуская мова і літаратура»
Пра навуковыя зацікаўленні і дасягненні Мікалая Рыгоравіча таксама сведчаць шматлікія працы, сярод якіх манаграфіі «Шчодрасць слова» (1990), «Словаскладанне ў беларускай мове» (2000), слоўнікі «Асобна, разам, праз дэфіс: Слоўнік-даведнік» (1994), «Старабеларускі лексікон» (1997), «Пішам без памылак: асобна, разам, праз дэфіс» (2002), «Слоўнік сучаснай беарускай мовы» (2009, 2010).[1]