Мікалай Геда, поўнае імя Гары Густаў Мікалай Геда (шведск.: Harry Gustaf Nikolai Gedda, нар. 11 ліпеня 1925, Стакгольм) — шведскі спявак (тэнар), адзін з найбольш вядомых спевакоў 20 стагоддзя.
Вучыўся ў кансерваторыі ў Стакгольме. З 1952 года выступае ў буйнейшых тэатрах свету («Ла Скала», «Гранд-Опера», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера» і інш).
Валодае голасам мяккага цёплага тэмбру. Тонкі стыліст, спявак высокай культуры; выконвае амаль усе партыі лірычнага тэнара ў операх В. А. Моцарта, італьянскіх і французскіх кампазітараў, у т.л. партыі Герцага, Альфрэда («Рыгалета», «Травіята» Дж. Вердзі), Рауля («Гугеноты» Дж. Меербера), Вертэра («Вертэр» Ж. Маснэ), Ленскага («Яўген Анегін» П. Чайкоўскага).
Тонкі інтэрпрэтатар камерных вакальных твораў Л. Бетховена, Ф. Шуберта, Э. Грыга, П. Чайкоўскага і інш.
Адзін з лепшых замежных выканаўцаў рускіх народных песень і старадаўніх рамансаў.