wd wp Пошук:

Мокен

Мо́кен (саманазва: Mawken, тайск.: ชาวเล) — група аўстранезійцаў, карэнныя насельнікі архіпелага М’ёй у М’янме і ўзбярэжжа Андаманскага мора ў Тайландзе. З-за вандроўнага ладу жыцця ў лодках іх часта называюць марскімі цыганамі або марскімі качэўнікамі. Агульная колькасць (2017) — каля 6800 чал.[1]

Рассяленне марскіх качэўнікаў на паўднёвым усходзе Азіі.
     Аранг-Лаўт     Мокен     Баджа

Паходжанне мокен да канца не высветлена. У 2-й палове XX ст. выказваліся думкі, што мокен нашчадкі старажытных аўстралоідаў або маюць агульнае паходжанне з Аранг-Лаўт. Паводле вуснай традыцыі, з’явіліся на ўзбярэжжы Андаманскага мора ў сярэднявеччы па запрашэнні валадара Бірмы.

Генетычнае даследаванне, апублікаванае ў 2012 г.[2], паказала, што мокен найхутчэй паходзяць з болей паўднёвых раёнаў Паўднёва-Усходняй Азіі. У выніку эндагаміі іх генетычная спадчына вельмі аднастайная.

Мокен дзеляцца на тры родава-тэрытарыяльныя групы з асабістымі саманазвамі. У мінулым разглядаліся як частка Аранг-Лаўт, хаця не атаяснялі сябе з гэтым малакскім народам. Прынятая цяпер як агульная назва мокен належыць самай вялікай родава-тэрытарыяльнай групе.

Мокен традыцыйна жывуць у доўгіх лодках kabang[3], займаюцца рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам на беразе. У мінулым рубілі лес, гандлявалі караламі. Цяпер большасць аддае перавагу сталаму жыццю ў вёсках, якія будуюць на па́лях на беразе мора.

Вернікі захоўваюць анімістычныя традыцыі і культ продкаў.

У 2005 годзе СМІ надавалі вялікую ўвагу астравам, дзе жывуць мокен, падчас аднаўлення пасля цунамі 2004 года ў Паўднёва-Усходняй Азіі, калі загінулі сотні тысяч чалавек. Дзякуючы ведам пра мора мокен у гэты час выратавалі мноства людзей.[4]

Зноскі

  1. Moken
  2. Evolutionary History of Continental Southeast Asians: “Early Train” Hypothesis Based on Genetic Analysis of Mitochondrial and Autosomal DNA Data
  3. The Moken Kabang
  4. Leung,Rebecca. Sea Gypsies See Signs In The Waves(нявызн.), 60 Minutes, CBS News (25 December 2005). Праверана 14 ліпеня 2018.

Гл. таксама

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Народы Азіі
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Народы М’янмы
Катэгорыя·Народы Тайланда
Катэгорыя·Аўстранезійцы