wd wp Пошук:

Маквэ

Маквэ, або Мараба (саманазвы: Wamakwe, Wamaraba) — этнічная група банту на поўначы Мазамбіка і поўдні Танзаніі. Агульная колькасць (2010 г.) - 42 тыс. чал. (29 тыс. у Мазамбіку і 13 тыс. у Тазаніі)[1].

Паходжанне

Мова маквэ мае шчыльную сувязь з мовамі суседніх афрыканскіх народаў суахілі і макондэ. Мяркуецца, што яны паходзяць ад прыбярэжнай групы макондэ або блізкіх па мове і культуры да макондэ людзей, якія ў выніку прыняцця ісламу і далейшых шчыльных гандлёвых і сваяцкіх сувязяў з суахілі і арабамі вылучыліся ў самастойны этнас. Але многія маквэ вядуць свой род непасрэдна ад арабаў, што наведвалі іх берагі ўжо ў эпоху сярэднявечча. Суахілі, якія жылі побач, лічылі маквэ сельскімі жыхарамі, а сябе - гараджанамі.

Асаблівасці культуры

Асноўным заняткам маквэ з’яўляюцца рыбалоўства і сельская гаспадарка. Рыбу ловяць мужчыны. Яны таксама займаюцца гадоўляй кароў і коз, падрыхтоўкай глебы да пасадак, але асноўную працу на зямлі выконваюць жанчыны, якія самастойна распараджаюцца атрыманым ураджаем. Вырошчваюць кукурузу, проса, тытунь, цукровы трыснёг, каву, какосаваю пальму. Каша з кукурузы ўгалі, прыпраўленая спецыямі, мясной або рыбнай падлівай, лічыцца звычайнай ежай.

У мінулым традыцыйная вопратка адрознівалася мінімалізмам. Галізна лічылася нармальнай. Толькі найбольш інтымныя месцы на целе хавалі кавалкамі спецыяльна апрацаванай скуры. У наш час апранаюць сучаснае еўрапейскае адзенне. Жанчыны аддаюць перавагу яркім баваўняным тканінам.

У адрозненні ад іншых мусульман, сем’і маюць матрылакальны характар. Зямля размяркоўваецца па матчынай лініі. Аднак мужчыны павінны плаціць за нявесту яе сваякам выкуп хатняй жывёлай. Дазволена мець некалькі жонак. Разводы не заахвочваюцца, а, калі адбываюцца, то шлюб фармальна не перарываецца. Раздзел сям’і паміж мужам і жонкай магчымы толькі ў выпадку яе бяздзетнасці.

Маквэ вядомы сваім музычным і спеўным мастацтвам. Музыка мае рытуальны характар, выконваецца падчас святаў або пахаванняў.

Рэлігія

Маквэ спавядаюць іслам, але ў паўсядзённым жыцці прасочваюцца перажыткі анімізму і культу продкаў. Духам продкаў прыносяць ахвяры, у тым ліку хатнюю жывёлу.

Зноскі

  1. Makwe

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Народы Танзаніі
Катэгорыя·Народы банту
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Народы Мазамбіка