wd wp Пошук:

Лявон Маджарскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Маджарскі. Лявон (Леў) Маджарскі (Лявон Маджаранц) (каля 1740, Стамбул — 1811, Слуцк) — ткач, мастак, кіраўнік і арандатар Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў[1].

Біяграфія

Сын Яна Маджарскага і яго жонкі Армінэ. Нарадзіўся ў Стамбуле, пасля пераехаў з бацькамі ў Слуцк[1].

Навучыўся ткацкай справе ў бацькі і заняўся сямейнай справай. Працаваў на Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў, пазней стаў яе арандатарам, а потым і кіраўніком[1]. У 1793 годзе там было 28 станкоў розных тыпаў і 60 супрацоўнікаў. Але дзейнасць «персіярні» ўжо не набірала тыя абароты, як калісьці. Мода на слуцкія паясы адчувальна знізілася. У 1795 годзе Лявон вырашыў ад адмовіцца ад фабрыкі, але з-за агульнай неўрэгуляванасці радзівілаўскіх спраў яму давялося займацца ёй да 1807 года. У якасці расплаты па запазычанасцях Маджарскія займелі маёнтачак Манькаў[2].

Герб «Дар»

У 1790 годзе падчас Вялікага сойма Лявон Маджарскі атрымаў шляхецкую годнасць за немалыя заслугі перад Айчынай і 500 дукатаў. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў у 1791 годзе яму герб «Дар». Праўда, адсутнасць афіцыйнай набілітацыі не замінала Маджарскім пісацца шляхтай яшчэ ў 1770-я гг[2].

Памёр у Слуцку ў 1811 годзе, быў пахаваны побач з бацькам ў тамтэйшых бернардзінаў[2].

Творчасць

Слуцкі пояс, зроблены Лявонам Маджарскім, 1790-я гады

Стварыў новую сістэму дэкаратыўнага аздаблення сярэднікаў, бардзюраў і галоў паясоў са складанай, шматколернай арнаментацыяй; распрацаваў і відазмяніў вырашэнне галоў паясоў з выявамі букетаў, вазонаў[1].

Сям’я

Ажаніўся 29 чэрвеня 1768 года ў слуцкім касцёле[2] з Марыянай са Станішэўскіх, прадстаўніцай дробнага шляхецкага роду са Случчыны[3]. У шлюбе з ёй нарадзіўся сын Антон-Ігнат, ахрышчаны 15 мая 1770 года, яго хроснымі сталі дзед Ян Маджарскі і Алена Станкевіч. Праз год, 25 траўня 1771 года, быў ахрышчаны другі сын — Ян-Францішак, 23 сакавіка 1773  — Разалія-Язафата, а 25 жніўня 1774 — Анжэла[2].

Пасля смерці першай жонкі Лявон ажаніўся з Марыяй Латкоўскай, таксама з дробнай слуцкай шляхты, якая яшчэ ў XVII ст. вызнавала кальвінскую веру.

Сын Антон 21 чэрвеня 1799[2] года ў маёнтку Каўпеніца пад Баранавічамі ажаніўся з Тэафіліяй з Алізаровічаў, прадстаўніцай вельмі старога гарадзенскага шляхецкага роду. Яе бацькам быў ротмістр Гарадзенскага павета Францішак-Канстанцін Алізаровіч, які на той момант ужо памёр, у шлюбе з Петранэлай з Кандыбаў ён меў таксама Юзафа, Антона, Францішку, Ганну-Караліну і Юзафату[3]. Петранэла з Кандыбаў пасля смерці мужа пабралася другім шлюбам з Антонам Ваўкавыцкім, гродзенскім гараднічым. Тэафілія памерла маладой ва ўзросце 26 гадоў[3]. Ад яе Антон Маджарскі меў толькі дваіх дзетак. Па ўсей верагоднасці, першай была Альжбета — будучая маці Станіслава Манюшкі, якая з’явілася на свет у 1800 годзе. Яе брат Лявон-Юзаф-Ігнат быў ахрышчаны 20 жніўня 1801 года. Ён застаўся халастым. Вядомы праз свой гумар і востры розум, у 1824 годзе быў абраны межавым суддзёй наваградскага павета. Апошняя згадка яго імя прыпадае на 1859 год[2].

Сын Ян ажаніўся з Фаўстынай з Корсакаў, таксама шляхцянкай са Случчыны. Жыў папераменна то ў Красевічах, то ў Драгобылі. Ягоны сын Эдвард памёр малым. Дочкі дасягнулі паўналецця і пайшлі замуж. Юзэфа ў шлюбе з Трацэвічам нашчадкаў не мела. Вікторыя (1815—1886), якая стала жонкай Крушынскага і нарадзіла ад яго пяць сыноў і тры дачкі. Трэцяя дачка, Марыя, выйшла за Юльяна Шпіхальскага, ад якога мела дзяцей. Вікторыя пахаваныя на Кальварыйскіх могілках, дзе ў двайной магіле пахаваныя таксама яе дзеці — Каміла з Крушынскіх Жаба (1848—1892) і Яўген Крушынскі (1852—1904)[2].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Лазука, Б. А. Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVIII. Малы лексікон / Б. А. Лазука. — Мінск: Беларусь, 2015. — 170 с. ISBN 978-985-01-1080-0. С. 126.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 Зміцер Юркевіч. Таямніцы Манюшкаў. Частка XVI. Маджарскія. № 31 (1470) 01.08.2020 — 08.08.2020 г
  3. 1 2 3 Зміцер Юркевіч. Дакументальныя крыніцы да радаводу Станіслава Манюшкі
Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Стамбуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Памерлі ў Слуцку
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1740-я гады
Катэгорыя·Памерлі ў 1811 годзе
Катэгорыя·Постаці ткацкай справы
Катэгорыя·Пахаваныя ў Слуцку