Куране́ц[1] (трансліт.: Kuraniec, руск.: Куренец) — аграгарадок у Вілейскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Пела. Адміністрацыйны цэнтр Куранецкага сельсавета. Насельніцтва 1137 чал. (1997). Знаходзіцца за 7 км на паўночны ўсход ад Вілейкі, за 0,2 км ад чыгуначнай станцыі Куранец; на шашы Вілейка — Докшыцы (Р29).
Дакладна вядома дата першага ўзгадвання сучаснага Куранца – 1355 год[2]. У 1539 тут збудавалі царкву, у 1665 — касцёл. У гэты ж час паселішча атрымала статус горада.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Куранец апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У XIX ст. тут праводзіліся вялікія кірмашы. Станам на 1866 у мястэчку было 208 дамоў. У пач. XX ст. існавалі валасная ўправа, 2 царквы, царкоўнапрыхадская школа.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Куранец апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Вілейскага павета Віленскага ваяводства.
У 1939 Куранец увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 стаў цэнтрам Куранецкага раёна (з 1946 у Вілейскім раёне). 12 кастрычніка 1940 паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу. У Другую сусветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 2 ліпеня 1944 Куранец знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. 16 ліпеня 1954 статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1972 тут быў 446 двароў, на 1997 — 493 двароў. У 2000-я гады Куранец атрымаў афіцыйны статус аграгарадку. У 2016 годзе на падмурку некалі зруйнаванага касцёла, з будынка калгаснай канторы, вернікі адбудавалі новы касцёл[3].
У Куранцы працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, амбулаторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Гомсін камень Куранецкі, помнік прыроды
Помнік удзельнікам нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—64 гвдоў.
Магіла ўдзельнікаў нацыянальна-вызваленчага паўстання (1863—1864) і польскіх салдат, загінуўшых у 1919—1920
Могілкі яўрэйскія
Магіла ахвяр Халакоста
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан
Мемарыяльная дошка Льву Альпяровічу
Магіла паўстанцаў 1863-84 гг. і польскіх жаўнераў, палеглых ў 1919-20 гг.
Касцёл Бяззаганага Зачацця Найсв. Дзевы Марыі (1652, 1810, 1928)
Касцёл, 1930-я