wd wp Пошук:

Крыжадзюб-сасновік

Крыжадзюб-сасновік (Loxia pytyopsittacus) — птушка роду Крыжадзюбы (Loxia) сямейства Уюрковыя (Fringillidae).

Апісанне

Даўжыня цела 17—19 см, размах крылаў 31—33 см. Выразны палавы дымарфізм. Самец чырвоны, самка птушкі і маладыя аліўкава-зялёныя. Падобны да крыжадзюба-яловіка і да белакрылага крыжадзюба, але сілуэт больш масіўны. Дзюба больш магутная — вышыня каля асновы прыкладна роўная даўжыні.

Пашырэнне

Арэал: Прыбалтыйскія краіны, Данія, Скандынавія і паўночны ўсход Еўропы. За Уралам невялікая папуляцыя ёсць у басейне ракі Іртыш. Выпадкова сустракаецца ў Вялікабрытаніі, Бельгіі і Галандыі. Залятае да Ісландыі, Францыі, Германіі, Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі, Італіі, Югаславіі, Украіны, Мадэйры. На тэрыторыі Беларусі вельмі рэдкі, магчыма, часам гняздуючы від у паўночнай частцы краіны.

Насяляе розныя тыпы лясоў, пераважна сухія сасновыя бары і рэдкія спелыя часам мяшаныя лясы з елкамі і лістоўніцамі (напрыклад, у Нарвегіі). У Лапландыі таксама жыве на забалочанай мясцовасці.

Месцы зімовак у межах гнездавога арэала, пад час інвазіі залятае на захад і поўдзень Еўропы.

Асаблівасці біялогіі

Гняздо робіць у верхніх частках крон высокіх хваёвых дрэў (звычайна на ўскрайках лясоў і палян, каля дарог і прасек з лініямі электраперадач, рэдка ў глыбіні густога лесу) пад прыкрыццем галін каля ствала елак або ў развілцы густых галін сасны. Яно ўяўляе няшчыльны слой галінак і кары хваёвых дрэў, сухога лісця, моху і лішайнікаў; у высцілцы — кавалачкі моху, лішайнікаў і карэньчыкі, кара бярозы, сухая трава, раслінныя валокны і пух, шэрсць, часам пер’е. У гнёздах каля чалавечага жылля могуць быць вяроўкі, папера і інш.

Яйка

Яйкі (3—4, часам 2—5), крыху падоўжаныя з тупым вузейшым канцом, жоўта-белыя, светла-блакітна-зялёныя або белаватыя. Плямкі і рыскі дробныя з рознымі адценнямі чырвонага (ад ружовага да цёмна-вішнёвага) і пурпурова-карычневага, згушчаныя на шырэйшым канцы.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без EOL
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Уюрковыя