Краса́ўка беладонна[3] (Atropa belladonna) — від кветкавых раслін роду Красаўка (Atropa) сямейства Паслёнавыя (Solanaceae).
Красаўка беладонна, соннае ачмурэнне[3], шалёная ягада[3], беладонна, красаўка[4][5], воўчыя ягады[4].
Шматгадовая травяністая расліна вышынёй да 2[3] м з мясістым коранем. Сцябло прамое, галінастае, залозіста апушанае ў верхняй частцы. Лісце простае, суцэльнае, завостранае, з гладкім краем, на кароткіх чаранках. Кветкі паніклыя, званочкавыя, адзіночныя, зрэдку па 2 ў пазухах лісця і разгалінаваннях сцябла. Колер кветак брудна-фіялетавы або чырванавата-буры з адценнямі. Плод — бліскучая сакаўная ягада чорнага колеру.
Расліна ядавітая. Маюцца алкалоіды атрапін, гіясцыямін, скапаламін і інш.
Расліна распаўсюджана на тэрыторыі Еўразіі і Паўночнай Афрыкі (Алжыр, Марока), вырошчваецца ў многіх краінах, у тым ліку ў Індыі, Пакістане, ЗША і Бразіліі[6]. Цеплалюбівая расліна. Мезафіт, гіграфіт і эўтроф[7]. Расце ў зрэджаных лясах, на ўзлесках, высечках, у хмызняках, па берагах рэк, каля дарог. Цвіце ў чэрвені—жніўні[3]. Размнажаецца насеннем.
Ахоўваецца на тэрыторыі Азербайджана, Арменіі, Украіны, шэрагу рэгіёнаў Расіі[7].