Кангрэ́с наро́да Белару́сі[1][2] — сход прадстаўнікоў камуністычных і прарасійскіх арганізацый[3][4], які адбыўся 11 верасня 1993 года ў Мінску.
19 жніўня 1993 года быў створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы кангрэса, які ўзначаліў дэпутат Вярхоўнага Савета Васіль Новікаў. Дэвізам быў выбраны «Згода і адзінства, мір і дабрабыт», мэта правядзення — «прадухіленне нацыянальнай катастрофы». Планаваўся ўдзел па 180 кандыдатаў ад кожнай вобласці Беларусі і 300 ад Мінска[5].
Сход адбываўся ў будынку інфармацыйна-культурнага цэнтра Савета міністраў. Прысутнічалі 1377 дэлегатаў: народныя дэпутаты, прадстаўнікі моладзевых, жаночых, рэлігійных і ветэранскіх арганізацый Беларусі, Расійскага агульнанароднага саюза[ru], ЦК кампартый Украіны і Літвы[lt], дыпламатычныя прадстаўнікі Кітая, Паўночнай Карэі, В’етнама, Югаславіі і іншых[2]. Адным з сустаршыняў быў будучы кіраўнік адроджанай Камуністычнай партыі Беларусі Віктар Чыкін[6].
У сваім выступе тагачасны кіраўнік «Народнага руху Беларусі»[7][8] Сяргей Гайдукевіч прапанаваў прызнаць падпісанне Белавежскіх пагадненняў 8 снежня 1991 года памылкай[2]. Народны дэпутат Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «на каленях гатовы паўзці ў Расію»[3][4][5].
Кангрэс зацвердзіў дэкларацыю з намерам забяспечыць удзел Беларусі ў Дагаворы аб калектыўнай бяспецы, а пасля аднавіць СССР. У эканамічнай сферы дэкларацыя патрабавала адміністрацыйнага рэгулявання, згортвання прыватызацыі, дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемствам, калгасам і саўгасам. У культуры і навуцы прапаноўвалася ўвядзенне дзвюхмоўя, аднаўлення гістарычнай праўды[5].
Пасля кастрычніцкіх падзей у Расіі кангрэс звярнуўся да Вярхоўнага Савета з патрабаваннем правесці нечарговую сесію дзеля адстаўкі старшыні Станіслава Шушкевіча, скасаваць Белавежскія пагадненні і прыняў рашэнне ўмацоўваць мясцовую савецкую ўладу.