wd wp Пошук:

Календжын

Календжын (саманазва Kalenjin) — усходнеафрыканскі народ. Жывуць пераважна на захадзе Кеніі. Агульная колькасць (2019 г.) — 6 358 113 чалавек.

Гісторыя

Календжын уяўляюць сабою групу паўднёвых нілоцкіх племянных аб’яднанняў з блізкімі мовамі і культурнымі рысамі. Продкі паўднёвых нілотаў пачалі міграцыю з даліны Ніла ва Усходнюю Афрыку з 1 тысячагоддзя да н. э. Некаторыя племянныя аб’яднанні календжын называюць сваёй даўняй радзімай рэгіён вакол гары Элган. Так або інакш, яны фарміраваліся як асобныя этнічныя супольнасці ўжо на тэрыторыі Кеніі і паўночнай Уганды. Да XIX ст. група жывёлагадоўцаў лумбва займала тэрыторыі ад гары Кенія да межаў з сучаснай Танзаніяй. Астатнія продкавыя групы календжын насялялі паўднёвы захад Кеніі.

На мяжы XVIII ст. і XIX ст. серыя засух і эпізаотый выклікала міграцыю паўднёвых нілотаў з традыцыйных тэрыторый на поўдзень. Яна спарадзіла вострыя ваенныя канфлікты з іншымі народамі, што цягнуліся да 1870-х гг. і былі спынены толькі падчас усталявання брытанскай каланіяльнай адміністрацыі. Войны брытанскіх каланіялістаў з групай нанды цягнуліся да 1905 г. У каланіяльных дакументах розныя групы паўднёвых нілотаў, што пазней склалі календжын, называліся нілота-хаміцкімі або нанды-моўнымі. Агульную назву календжын упершыню выкарыстала супольнасць маладых нілотаў, накіраваная для атрымання адукацыі ў Элдарэт. Яна значыла літаральна «у вуснах людзей», у больш шырокім сэнсе — людзей, якія разумеюць мову адзін аднаго.

Пасля II Сусветнай вайны з ліку календжын высунуўся шэраг палітыкаў, што ўдзельнічалі ў антыкаланіяльным руху. Найбольш вядомым з іх з’яўляецца Дэніэл арап Моі, другі прэзідэнт незалежнай Кеніі. У нашы дні календжын уяўляюць сабою трэці па ліку народ Кеніі, шырока прадстаўлены ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці краіны.

Склад

Календжын — супольнасць некалькіх паўднёвых нілоцкіх груп з блізкімі мовамі:

Найбольшай з іх з’яўляюцца кіпсігі. У 2019 г. іх колькасць дасягала 1 905 983 чалавек.

Асаблівасці культуры

Календжын здаўна сумяшчалі заняткі ручным земляробствам і адгоннай жывёлагадоўляй. У мінулым каровы з’яўляліся сімвалам багацця і вызначалі сацыяльную ролю мужчыны ў грамадстве. Сустракаюцца як вялікія пашыраныя, так і малыя нуклеарныя сем’і. Адлік сваяцтва па мужчынскай лініі. Значную ролю адыгрываюць родавыя арганізацыі на чале старэйшын. Календжын практыкуюць мужчынскае і жаночае абразанне. Вядомы звычай пастухоў календжын перамяшчацца бегам па саванне. Многія сучасныя календжын ужываюць гэты навык у прафесійным спорце, пры гэтым дасягаюць значных вынікаў. Так, на сусветных Алімпійскіх гульнях 2008 г. бегуны-календжын забяспечылі Кенію 6 залатымі медалямі.

Фальклор надзвычай разнастайны. Папулярнасцю карыстаюцца і публікуюцца гістарычныя паданні, казкі і легенды. У другой палове XX ст. узнікла прафесійная літаратура. У Кеніі і за яе межамі шырока вядомы пісьменнік Пол Купчумба.

У нашы дні вернікі адносяцца да розных плыняў хрысціянства, аднак захоўваюцца і некаторыя традыцыйныя анімістычныя вераванні, застаюцца важнымі рытуалы, звязаныя з ініцыяцыяй.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Народы Афрыкі
Катэгорыя·Народы Кеніі
Катэгорыя·Нілоты