У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Зуброўка (значэнні). Зубро́ўка[3] (Hierochloe) — род кветкавых раслін сямейства Метлюжковыя (Poaceae).
Народныя назвы: зубрава трава, цяпалоць, тураўка (апошняя — таксама польская літаратурная назва). Ахвотна паядаюць зубры (даўней і туры), адсюль назвы.
Род налічвае каля 30 відаў, распаўсюджаных на тэрыторыі Еўразіі і Амерыкі. Найбольш пашыраная ў Беларусі зуброўка духмяная (Hierochloe odorata), шматгадовая трава з залаціста-жоўтымі каласкамі, вышынёй да 70 см. Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, на ўзлесках, паплавах, каля дарог.
Надземная частка, якая мае моцны пах кумарыну (свежага сена) і крыху вяжучы смак, шырока ўжываецца ў лікёра-гарэлачнай вытворчасці як араматызатар. Збіраюць пад час цвіцення (май — чэрвень). Асабліва вядомая настойка на сушаных сцяблах «Зуброўка» прывабнага зеленаватага колеру, з характэрным водарам кумарыну. Яе рэкамендуецца падаваць да халодных закусак (мяса, дзічына, паштэты, вяндліны).
Лічыцца адным з турыстычных сімвалаў Белавежскай пушчы.