wd wp Пошук:

Здэнка Шэлінгава

Здэ́нка Шэ́лінгава (славацк.: Zdenka Schelingová), ад нараджэння Цэ́цылія Шэлінгава (славацк.: Cecília Schelingová; 24 снежня 1916, Крыва на Ораве, Долны Кубін, Аўстра-Венгерская імперыя — 31 ліпеня 1955, Трнава, Чэхаславакія) — славацкая рымска-каталіцкая манашка Кангрэгацыі міласэрных сёстраў Святога Крыжа, ахвяра камуністычнага пераследу ў Чэхаславакіі, каталіцкая дабраславёная.

Біяграфія

Была дзясятай з адзінаццаці дзяцей у сям’і Паўла Шэлінга і Зузаны Панікавай[4][5]. Пры хросце 27 снежня атрымала імя Цэцылія.

Скончыла школу (1923—1931) ў роднай Крывай, дзе таксама ўпершыню пазнаёмілася з дзейнасцю Міласэрных сёстраў Святога Крыжа. 6 ліпеня 1931 сышла ў кляштар кангрэгацыі ў Подунайскіх Біскупіцах. У 1933—1935 вучылася на медсястру, пасля прайшла курс радыялогіі. 28 студзеня 1936 года распачала свой навіцыят і ўзяла імя Здэнка. 30 студзеня 1937 склала манаскія абяцанні. У 1937—1940 гадах працавала інтэрнам у шпіталі ў Браціславе. З 1940 — санітарка ў Гуменнэ, у 1942 вярнулася ў Браціславу, была лябаранткай, пасля тэхнічкай рэнтгеналагічнага аддзялення гарадскай клінікі[5].

Пасля ўсталявання камуністычнай улады ў 1948 годзе пачаўся масавы пераслед рэлігіі. Усім манашкам было прапанавана выйсці з кангрэгацыі пад пагрозай страціць працу ў клініцы. Большасць манашак, у тым ліку і Шэлінгава, адмовіліся, але на працы засталася з-за адсутнасці кваліфікаванай замены.

19 лютага 1952 года дапамагла ўцячы з-пад варты святару Штэфану Кошцьялу, які трапіў да яе ў клініку на непрацяглы час. З яе словаў, вырашылася на гэты ўчынак, пачуўшы ад ахоўнікаў, што Кошцьяла чакае суд і ссылка ў Расію, «адкуль той ужо не вернецца»[6]. Каб падмануць ахоўніка, Здэнка падсыпала таму ў гарбату дрымотныя лекі.

29 лютага пры спробе дапамагчы ўцёкам трох ксяндзоў і трох семінарыстаў была арыштавана і катаваная[6]. 17 чэрвеня таго ж года прыгавораная да 12 гадоў пазбаўлення волі і 10 гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў. Пакаранне адбывала спярша ў Браціславе, пасля яе пераводзілі ў Рымаўскую Собату, Пардубіцы, Брно і ўрэшце на Панкрац у Прагу. Катаванні падчас следства значна згоршылі яе здароўе, у турме ў дадатак развіўся рак малочнай залозы[5]. У медыцынскай дапамозе ёй адмовілі, ампутаваўшы пазней грудзі без анестэзіі. Здароўе працягвала пагаршацца далей, з’явіліся метастазы, і 16 красавіка 1955 года яе датэрмінова вызвалілі з турмы, баючыся, што яна там памрэ.

Працаваць у Браціславе ёй было забаронена, таму з 19 красавіка працавала ў трнаўскім шпіталі; неўзабаве памерла падчас імшы. 2 жніўня пахаваная на могілках у Трнаве; у 1979 годзе перапахаваная на кляштарных могілках Подунайскіх Біскупіц (раён Браціславы). Адтуль 6 чэрвеня 2003 рэшткі перанесеныя і цяпер знаходзяцца ў кляштарным касцёле Святога Крыжа ў Біскупіцах.

6 красавіка 1970 года суд зняў з яе абвінавачванне ў дзяржаўнай здрадзе, а 18 лістапада Вярхоўны суд Славакіі рэабілітаваў за адсутнасцю складу злачынства.

Беатыфікацыя

22 лютага 2000 года Кангрэгацыя па кананізацыі святых назвада Здэнку Шэлінгаву Служкай Божай. З 18 верасня 2000 да 12 студзеня 2003 вялося вывучэнне яе жыцця. 14 верасня 2003 года падчас візіту папы Яна Паўла II беатыфікаваная.

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France Zdenka Schelingová // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  2. Schäfer J. Zdenka Schelingová // Ökumenisches Heiligenlexikon — 1998.
  3. Cecília Schelingová // GCatholic.org — 1997.
  4. Zdenka Cecilia Schelingová (1916—1955)(славацк.) . La Santa Sede. Ватыкан. Праверана 27 сакавіка 2021.
  5. 1 2 3 Borrelli, Antonio Beata Zdenka Cecilia Schelingova(італ.) . Santi Beati e Testimoni (8 кастрычніка 2003). Праверана 27 сакавіка 2021.
  6. 1 2 Václav Vaško. Dům na skále/2: Církev bojující. — Kostelní Vydří: Karmelitánské nakladatelství, 2007. — С. 167. — ISBN 978-80-7192-892-8.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (23):
Катэгорыя·Нарадзіліся 24 снежня
Катэгорыя·Памерлі ў Трнаве
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Жылінскім краі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1916 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя ў ЧССР
Катэгорыя·Святыя паводле алфавіта
Катэгорыя·Славацкія манашкі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Постаці на славацкіх паштовых марках
Катэгорыя·Памерлі ў 1955 годзе
Катэгорыя·Міласэрныя сёстры Святога Крыжа
Катэгорыя·Беатыфікаваныя Янам Паўлам II
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Крывай
Катэгорыя·Славацкія каталіцкія дзеячы
Катэгорыя·Карыстальнікі Facebook
Катэгорыя·Блаславёныя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі 31 ліпеня
Катэгорыя·Блаславёныя славакі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Вялебныя каталікі
Катэгорыя·Каталіцкія мучанікі