Ежы Папялушка (польск.: Jerzy Popiełuszko; 14 верасня 1947, Акопы, гміна Сухаволя, Падляскае ваяводства — 19 кастрычніка 1984, каля Улацлаўка) — польскі каталіцкі святар, звязаны з «Салідарнасцю», капелан рабочых, быў забіты функцыянерамі Службы Бяспекі (СБ). Блаславёны.
Нарадзіўся ў 1947 годзе, скончыў духоўную семінарыю ў Варшаве. У 1972 годзе быў пасвечаны на святара кардыналам Стэфанам Вышынскім. Падчас забастовак у 1980 годзе займаўся душпастырскай апекай у асяроддзі працаўнікоў Варшавы (спавядаў, правіў літургіі падчас страйку ў Гуце-Варшава).
Лічыўся адным з духоўных пастыраў арганізацыі «Салідарнасць». Публічна крытыкаваў камуністычную ўладу, адкрыта выступаў у абарону правоў чалавека і захавання ідэалаў «Салідарнасці» (літургіі за Бацькаўшчыну ў парафіі Св. Станіслава Косткі ў Варшаве падчас ваеннага становішча). 19 кастрычніка 1984 года ксёндз Папялушка быў выкрадзены функцыянерамі СБ, жорстка закатаваны і ўтоплены ў Вісле.
Сёння яго магіла знаходзіцца ля касцёлу Св. Станіслава Косткі ў варшаўскім раёне Жалібож.
Працэс беатыфікацыі ксяндза Папялушкі афіцыйна пачаўся 8 лютага 1997 года ў касцёле Св. Станіслава Косткі, а дыяцэзіяльны этап працэсу скончыўся дакладна чатыры гады пазней. Затым з 3 мая 2001 года пачалася праца Кангрэгацыі па справах кананізацыі, якая ў 2002 годзе выдала пастанову пра сапраўднасць працэсу. 19 снежня 2009 года быў аб’яўлены дэкрэт Папы Рымскага Бенедыкта XVI пра яго пакутніцтва[4]. Беатыфікацыю прызначылі на 6 чэрвеня 2010 года ў Варшаве.
Фільмы пра Папялушку знялі: ў 1988 годзе Агнешка Голанд — «To Kill a Priest» («Забіць святара») і ў 2009 годзе Рафал Вячынскі — «Popiełuszko. Wolność jest w nas» («Папялушка. Свабода ўнутры нас»).
13 кастрычніка 2009 года быў узнагароджаны Ордэнам Белага Арла [5]. У 2009 годзе, на 25-аю гадавіну смерці святара, Польская Пошта выпусціла марку 1,55 злотага з яго выявай[6].