wd wp Пошук:

Дзмітрый Іосіфавіч Падрэз

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Падрэз.

Дзмітрый Іосіфавіч Падрэз (нар. 25 красавіка 1987) — беларускі стрыт-арт мастак, вядомы як Дзіма Dream. Палітычны зняволены, абвінавачы і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Біяграфія

Мастацкую адукацыю Дзмітрый не атрымліваў, бо лічыць, што вучэльні не рыхтуюць сапраўдных мастакоў.

Выступаў як эксперт па гарадскім стрыт-арце ў журналісцкіх матэрыялах, прысвечанных нефармальнаму мастацтву[1][2].

Быў адным з куратараў і ўдзельнікаў выставы «Минск:[Ре]конструкция», якая праводзілася ў галерэі «ЦЭХ» у верасні 2013[3].

На момант затрымання Дзмітрый працаваў IT-спецыялістам.

Творчасць

Цікаўнасць да стрыт-арта, па словах самога Дзмітрыя, з’явілася пасля таго, як ён пабачыў трафарэты на вуліцах Мінску. Паступова ён ускладняў сваю тэхніку, таксама стаў больш увагі надаваць сэнсу малюнкаў: «трафарэты не заўсёды былі з ідэяй. І вось ужо ў 2011 вырашыў, што трэба рабіць беларускі стрыт-арт. Захацеў праз стрыт-арт распавесці беларусам пра Беларусь і яе культуру. У Беларусі зараз ідзе культурны генацыд, інакш гэта не назавеш. Школы з беларускай мовай навучання пераводзяць на рускую… Перапісваюць падручнікі па гісторыі Беларусі такім чынам, што яна пачынаецца з СССР, а да гэтага нібыта ў нас гісторыі і не было»[4].

Як пісаў сам Дзмітрый, свае працы ён рабіў з мэтай уцягнуць гледача ў «мастацкія інтэрвенцыі»: не змяняючы яўна заўважна звыклай прасторы, ён пакідаў свае пасланні ў звыклых рэчах: на знаках, таблічках, рэкламных шчытах (Subvertising[en]), лайтбоксах, такім чынам, выпадковыя мінакі рабіліся гледачамі сэнсава новых паведамленняў, з выразным сацыяльна-палітычным падтэкстам, што таксама рабілася свядома[5].

Адным з такіх праектаў стала размяшчэнне радкоў беларускіх паэтаў, у тым ліку сучасных, на сцены Мінску, Гомелю, Гродна ды Віцебску з дапамогай трафарэтаў. Гэтыя працы Зміцер аб’яднаў пад назвай «Актуальныя рыфмы»[6].

Падобным чынам Дзмітрый упрыгожыў сцены беларускіх гарадоў выявамі беларускіх гістрарычных дзеячоў: «Серыя „Выбітныя сыны Беларусі“ — спроба вярнуць беларусаў да нашай культурнай спадчыны»[7].

Свае праекты Дзмітрый ладзіў не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы (Варшава і Катовіцэ), дзе яго працы пакінулі як аб’екты для ўвагі турыстаў. У Беларусі звычайна праекты хутка прыбіраліся камунальнымі службамі.

Сярод крыніц натхнення Дзмітрый называў француза Zevs[en], чэха Epos 257[en], таксама польскіх мастакоў пасляваенных часоў[8].

Палітычны пераслед

Дзмітрый Падрэз быў затрыманы 15 ліпеня 2021 у сваёй кватэры ў Мінску, затрыманне ажыццяўлялі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХР, два супрацоўнікі апошняга ведамства на вяроўках спусціліся з даху і праз вокны ўвайшлі ў кватэру Падрэза. На наступны дзень у тэлеграм канале ГУБАЗіКа было размешчана відэа, на якім Падрэз кажа, что неаднаразова прымаў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, займаўся ідэнціфікацыяй супрацоўнікаў міліцыі, перадаваў асабістыя дадзеныя супрацоўнікаў у канал «Чорная кніга Беларусі», каб псіхалагічна ўздзейнічаць на апошніх. На момант затрымання Падрэза канал «ЧКБ» ужо быў прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім[9]. Пазней дэталі жорсткага затрымання Падрэза былі перададзены праваабаронцам былым сукамернікам Падрэза, з яго аповеду вынікае, што Падрэзу пагражалі згвалтаваннем, білі, абражалі і здзекваліся, парэзалі ды паламалі частку рэчаў, у тым ліку карціну мастака Захара Кудзіна. Пасля чаго адвезлі на допыт у ГУБАЗіК, дзе з пятай спробы запісалі відэа, на якім Падрэз чытае надрукаваны тэкст. Таксама пасля допыту Падрэза прымусілі падпісаць яўку з павіннай, тэкст якой яму таксама надыктавалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа[10].

Пасля затрымання Падрэз быў двойчы адміністрацыйна асуджаны за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», адсядзеў 30 сутак на Акрэсціна, пасля якіх быў пераведзены ў СІЗА на Валадарскага, у сувязі з тым, што на яго была распачата ўжо крымінальная справа.

29 верасня 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр, быў прызнаны палітычным зняволенным[11].

Праз восем месяцаў пасля затрымання, 15 сакавіка 2022 судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда вынесла прысуд Дзмітрыю Падрэзу. Яго вінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 130 (Распальванне варожасці ці варажнечы), арт. 364 (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), арт. 365 (Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў). Прысудам суда пад кіраўніцтвам суддзі Сяргея Хрыпача Падрэз быў прызнаны вінаватым і яму было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 7 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму, таксама на карысць траіх пацярпелых (прозвішчы невядомыя) было спагнана матэрыяльнае пакрыццё маральнай шкоды ў памеры 11 тысячы рублёў[12].

Судовы вырак Дзмітрый Падрэз адбывае ў турме № 4 у Магілёве.

Артыкулы

Зноскі

  1. Самые красивые граффити Минска: портреты горожан и начальника ЖЭСа, медузы и вытинанки (руск.)
  2. Гид по минскому стрит-арту (руск.)
  3. [Каталог «Минск: Реконструкция»] (руск.)
  4. Новые нескучные: Дима Dream (руск.)
  5. Візуальныя дыверсii (бел.)
  6. Актуальныя рыфмы (бел.)
  7. Выбітныя сыны Беларусі (бел.)
  8. Новые нескучные: Дима Dream (руск.)
  9. Силовики на веревках через окно вломились в квартиру айтишника, «который сливал личные данные телеграм‑каналу „ЧКБ“» (руск.)
  10. «Губазавец сказаў: „Добро пожаловать в гестапо“». Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання мастака Дзмітрыя Падрэза (бел.)
  11. Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні чатырох новых палітвязняў (бел.)
  12. Яшчэ адзін жорсткі прысуд: айцішніка Падрэза асудзілі за зліў дадзеных пра сілавікоў (бел.)
  13. Беларуские граффити и стрит-арт: лица, события, факты (руск.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 25 красавіка
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення праваабарончым цэнтрам «Вясна»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1987 годзе