wd wp Пошук:

Дзеразападобныя

Дзеразападобныя[1] (Lycopodiophyta) — аддзел вышэйшых споравых раслін.

Прадстаўлены як раўнаспоравымі, так і разнаспоравымі мікрафільнымі раслінамі. Гэта характэрныя прыкметы аддзела.

Апісанне

Найбольш прымітыўная і старажытная з вышэйшых раслін сістэматычная група. У цяперашні час гэты аддзел прадстаўлены невялікай колькасцю родаў і відаў.

Сучасныя дзеразападобныя — раўна- (дзярэзы і інш.) і разнаспоравыя (селягінелы, палушніхі) шматгадовазялёныя травяністыя расліны, рэдка паўкусты (сярод выкапнёвых былі і дрэвы — лепідадэндраны і сігілярыі).

Развіццё з чаргаваннем пакаленняў — спарафіту (бясполае) і гаметафіту (палавое). Абодва пакаленні фізіялагічна незалежныя і жывуць самастойна.

Спарафіт мае карані (выключна прыдаткавыя, адыходзяць ад сцябла), сцяблы (найчасцей дыхатамічна разгалінаваныя) і лісце (філоіды), якое ўзнікла ў працэсе эвалюцыі з вырастаў (энацыяў) сцябла. Лісце вузкае, дробнае, простае, сядзячае, чаргаванае або супраціўнае, размешчанае па спіралі, зрэдку сабранае ў кальчакі, у некаторых відаў (род палушнік) ёсць прыдатак ліста — язычок, або лігула.

Для сцёблаў дзеразы характэрна верхавінкавае галінаванне. У сцябле і лістах, акрамя покрыўнай, механічнай і асноўнай тканак, ёсць добра развітая праводзячая тканка. Яна прадстаўлена тыповай флаэмай і ксілемай, якая складаецца з трахеід.

Гаметафіты раўнаспоравых сучасных дзеразападобных бесхлаоафільныя маюць памер ад 2 да 20 мм, у многіх відаў гаметафіты падземныя, масіўныя, клубнепадобныя. Гаметафіты разнаспоравых дзеразападобных моцна рэдукаваныя, недаўгавечныя.

Пашырэнне

Вядомыя з сілуру, як дробныя травяністыя, так і дрэвападобныя формы. Вышэйшага развіцця дасягнулі ў карбоне.

Уключаюць 2 класы: дзеразовыя і палушнікавыя, 8 родаў і каля 1300 відаў.

Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў трапічных і субтрапічных лясах. На Беларусі 7 відаў з родаў баранец (Huperzia), дзераза, дзярэзка, дыфазіястр і палушнік. Растуць у яловых, хваёвых, радзей у мяшаных і лісцевых лясах, на балотах, у азёрах.

Асаблівасці біялогіі

Размнажаюцца спорамі. Са споры развіваецца гаметафіт (зарастак) — падземны або надземны, зялёны або бясколерны сапратрофны, утвараюцца мужчынскія і жаночыя гаметангіі — антэрыдый і архегоній. Потым адбываецца палавы працэс, у выніку якога фарміруецца спарафіт.

Гаметафіты раўнаспоравых сучасных дзеразападобных вядуць мікатрофны спосаб жыцця. Паспяваюць на працягу 1-15 гадоў. Гаметафіты разнаспоравых дзеразападобных аднаполыя, развіваюцца на працягу некалькіх тыдняў за кошт спажыўных рэчываў, якія ўтрымліваюцца ў споры. Жаночы гаметафіт утвараецца пры прарастанні мегаспоры, разрывае яе абалонку, выпукваецца вонкі, клеткі яго зелянеюць, утвараюцца рызоіды. На ім развіваецца некалькі архегоніяў з яйцаклеткамі. Мікраспора пры прарастанні ўтварае моцна рэдукаваны мужчынскі гаметафіт з антэрыдыем. У антэрыдыю фарміруюцца двухжгуцікавыя сперматазоіды. Апладненне адбываецца ў кропельна-вадкім асяроддзі.

Выкарыстанне

Лекавыя, фарбавальныя (даюць жоўтую і зялёную фарбы) і дэкаратыўныя расліны.

Некаторыя віды ядавітыя.

Зноскі

  1. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 144. — 160 с. — 2 350 экз. — у крыніцы пад назвай Licopsida

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Дзеразападобныя
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Артыкулы з перасягнутай глыбінёй разгортвання
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без EOL