Давід Аронавіч Якерсон (15 сакавіка (27 сакавіка) 1896, Віцебск — 1947, Масква) — савецкі скульптар, графік, афарміцель.
Займаўся ў І. Пэна ў сярэдзіне 1900-х у Віцебску разам са сваёй будучай жонкай Аленай Кабішчар, вучыўся там жа ў Гандлёвым вучылішчы. Затым працягвае навучанне на будаўнічым факультэце Рыжскага політэхнічнага інстытута, які быў эвакуяваны ў Маскву. З 1918 па 1922 год вучыўся ў Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях у вядомых скульптараў — акадэмікаў Сяргея Валнухіна, Івана Яфімава і Барыса Каралёва.
Удзельнічаў у 1918 годзе пад кіраўніцтвам Марка Шагала ў афармленні Віцебска да Першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. У пасведчанні, атрыманым Якерсонам, сам Шагал сведчыць: «Тов. Якерсон в бытность свою в Витебске беспрерывно работал в Губернской Комиссии по украшению города к Октябрьской годовщине и числился членом означенной комиссии. Губ. уполномоченный по делам искусств Марк Шагал»[2].
З 28 сакавіка 1919 года служыў інструктарам педагагічнай секцыі пададдзела выяўленчых мастацтваў аддзела народнай адукацыі Віцебскага гарадскога савета. З 15 мая становіцца кіраўніком скульптурнай майстэрні Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, устанаўлівае помнікі Карлу Марксу ў Полацку і Невелі, Льву Гарфункелю ў Янавічах.
Уваходзіў у створанае Казімірам Малевічам таварыства УНОВИС. Большасць супрэматычных работ Якерсона датаваныя 1920 годам. Многія з іх экспанаваліся на выставах УНОВИСа 1920 года ў Віцебску і Маскве.
Рэалізацыя плану манументальнай прапаганды ў Віцебску запомнілася ўстаноўкай у маі 1920 года помнікаў Карлу Марксу і Карлу Лібкнехту работы Якерсона. Манументальныя супрэматычныя пастаменты помнікаў спалучаліся з кубістычнымі бюстамі правадыроў пралетарыяту. Тэхналогія, ужытая скульптарам, была таннай і наватарскай — бюсты выразаліся з паўзацвярдзелай масы цэменту. Гэтыя помнікі аказаліся недаўгавечнымі, і ў сярэдзіне 1920-х іх знеслі[3].
У 1921 годзе скульптар быў на некалькі тыдняў камандзіраваны ў Стаўрапаль для ўстаноўкі помніка Якаву Свярдлову. Неўзабаве Якерсон пераязджае ў Маскву і працягвае займацца ў ВХУТЕМАСе.
У 1926 годзе ўваходзіць у Саюз расійскіх скульптараў і пачынае прымаць удзел у выстаўках гэтага аб’яднання ў Маскве.
Супрацоўнічае з Дзяржаўным цэнтральным музеем народазнаўства ў Маскве — захавалася вялікая колькасць малюнкаў тыпаў і аб’ектаў архітэктуры Малдовы, скульптуры з дрэва «Тунгус», «Абісінка», «Каўказскі яўрэй». Тэматыка манументальнай прапаганды працягваецца ў вобразах Сцяпана Разіна, Емяльяна Пугачова, Салавата Юлаева, Івана Мічурына, помніка Леніну ў Таганрогу, цэлай галерэі ўвасабленняў людзей працы.
Якерсон тонка адчувае фактуру дрэва і становіцца вядомым майстрам у гэтым кірунку. У 1935 годзе прымае ўдзел у выстаўцы скульптуры ў дрэве, дзе прадстаўляе групавыя кампазіцыі: «Плытагоны», «Спартсмен», «Дэкаратыўная кампазіцыя»[4].
Нягледзячы на нападкі, скульптар працягвае працаваць, удзельнічае ў выстаўках, выконвае розныя заказы, у тым ліку на скульптурнае афармленне санаторыя «Курпаты» ў Ялце, павільёна «Башкірыя» на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Падчас вайны Якерсон застаецца ў сталіцы. У 1943 годзе на выстаўцы «Вялікая Айчынная вайна», якая праходзіла ў Траццякоўскай галерэі, ён прадставіў кампазіцыю «Аляксандр Неўскі».
Пераход ад эксперыментальных жывапісных і графічных прац да распрацоўкі сюжэтаў выключна фігурнай скульптуры — вымушаная ўмова выжывання Якерсона, як і многіх іншых савецкіх мастакоў у 1930-я гады.
Памёр 28 красавіка 1947 года.
Яго працы на працягу дзесяцігоддзяў захоўвала ўдава. Толькі на выстаўках у 1990—2000-я ў Мастацкім музеі Віцебска прадстаўляюцца работы майстра. Затым ідуць персанальная выстаўка ў аддзеле прыватных калекцый Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў (Масква, 2000), выстаўка «У коле Малевіча» (Рускі музей, 2000). У 2018—2019 гадах творы Якерсона з Віцебскага музея і прыватных збораў экспануюцца на выстаўцы «Шагал, Лісіцкі, Малевіч. Рускі авангард у Віцебску» (у парыжскім Цэнтры Жоржа Пампіду і Яўрэйскім музеі ў Нью-Ёрку).
Некаторыя работы мастака захоўваюцца ў Рускім музеі, Траццякоўскай галерэі, шэрагу іншых музеяў Расіі, Музеі Марка Шагала ў Віцебску, але Віцебскі абласны краязнаўчы музей валодае самым буйным зборам твораў аўтара. Пры стварэнні Музея гісторыі Віцебскага мастацкага вучылішча творчасці Давіда Якерсона супрэматычнага перыяду была адведзеная асобная зала[3].