wd wp Пошук:

Гонды

Гонды (саманазва Gōndi, літаральна «на ўзвышшах»), вядомыя таксама як гонда, коі, кайтур — група дравідамоўных плямёнаў, карэнныя жыхары паўвострава Індастан. Насяляюць пераважна ўзвышшы Дэканскага пласкагор’я, а таксама суседнія рэгіёны Усходняй Індыі і Бангладэш. Каля 500 чал. жыве на поўдні Непала. Мясцовасць, шчыльна населеная гонды, вядома таксама як Гандвана.

Агульная колькасць — 14 253 000 чал. (2021 г.)[1]

Гісторыя

Мяркуецца, што гонды паходзяць з Паўднёвай Індыі і раней жылі на ўзгор’ях паміж сучаснымі штатамі Тамілнад і Карнатака, але пазней па невядомых прычынах мігрыравалі на поўнач. У пісьмовых крыніцах яны ўзгадваюцца з XIV ст., але з’явіліся ў месцах сучаснага пражывання яшчэ раней, на мяжы 1 і 2 тысячагоддзяў н. э.

Да XVI ст. гонды заснавалі шэраг дзяржаў (Гарха-Мандла, Дэагарх, Чанда, Кхерала і інш.), якія былі ў 1740-ых гг. падначалены дзяржавай маратхаў, а пазней увайшлі ў склад Брытанскай Індыі. Апошні ўладар Гарха-Мандла быў забіты брытанцамі ў 1857 г.

У нашы дні складаюць найбуйнейшае племянное грамадства ў свеце.

Культура

Асноўным заняткам гонды з’яўляецца сельская гаспадарка. Стагоддзямі яны практыкуюць падсечна-агнявое земляробства, вырошчваюць рыс, бабовыя і гародніну. Акрамя таго, гонды трымаюць кароў і коз, займаюцца збіральніцтвам і паляваннем. Распаўсюджаныя рамёствы - выраб керамікі, разьба па дрэву і каменю. Вылучаюцца прафесійныя заняткі кавалёў, пастухоў, казачнікаў, якія перадаюцца па спадчыне.

Гонды амаль не прытрымліваюцца традыцыйнай каставай сістэмы, але і ў іх грамадстве няма роўнасці. Гонды падзяляюцца на 4 аб’яднанні сага, якія, як яны вераць, паходзяць ад 4 розных груп багоў і маюць розны сацыяльны статус. Сага ў сваю чаргу падзяляюцца на драбнейшыя сваяцкія групы. Акрамя таго, вылучаюцца раджгонды - нашчадкі ўладароў і правадыроў, якія прыватна валодаюць найбольш багатымі землямі.

Сем’і патрылакальныя, вялікія пашыраныя. Найбольш папулярная форма шлюбу - на стрыечнай сястры па лініі маці. Распаўсюджаны выкуп за нявесту, а таксама крадзеж нявест. Жанчыны звычайна жывуць у сям’і мужа.

Гонды будуюць вялікія вёскі, што складаюцца з родавых паселішчаў. Адносіны паміж жыхарамі адной вёскі часцяком больш важныя, чым з іншымі прадстаўнікамі племені або нават сваякамі, што жывуць у іншых населеных пунктах. Вясковая і родавая арганізацыі актыўна ўмешваюцца ў жыццё сям’і.

Вопратка падобная на тую ж, што носяць суседнія народы. Мужчыны апранаюць насцегнавыя повязі дхоці, жанчыны - сары і прыталеныя кашулі чолі.

Гонды збераглі багатую вусную традыцыю дзякуючы прафесійным музыкам і апавядальнікам пардханам. Найбольш папулярныя святы Пола і Дасахара звязаны з земляробчым гадавым цыклам. Свята Дасахара суправаджаецца рэлігійнымі шэсцямі ад вёскі да вёскі, танцамі і спевамі.

Мова

Мова гонды адносіцца да дравідыйскай сям’і моў, блізкая да тэлугу. Падзяляецца на разнастайныя племянныя дыялекты. Выкарыстоўваюцца розныя сістэмы пісьмовасці.

Рэлігія

Асноўная рэлігія — індуізм, які ўвабраў у сябе мясцовыя племянныя вераванні. Асабліва шануюцца жаночыя бажаствы, якія, як вераць гонды, далі ім нараджэнне, выратавалі і вывелі ў свет з пячоры, дзе іх зачыніў Шыва.

Захоўваюцца перажыткі магічных абрадаў, татэмізм, культ продкаў.

Зноскі

  1. Gond

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Народы Індыі
Катэгорыя·Дравідыйскія народы
Катэгорыя·Народы Непала
Катэгорыя·Народы Азіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Народы Бангладэш