wd wp Пошук:

Георг Заўэрвайн

Георг Заўэрвайн, ужываюцца таксама іншыя варыянты — Юра Зуровін, Юргіс Заўэрвяйнас (псеўданім — Гірэнас) (ням.: Georg Sauerwein, в.-луж.: Juro Surowin, літ.: Jurgis Zauerveinas, Girėnas, 25 студзеня 1831, Гановер, Германія — 16 снежня 1904, Осла, Нарвегія) — нямецкі філосаф, паліглот, культурны і грамадскі дзеяч, перакладчык, публіцыст і паэт.

Біяграфія

Нарадзіўся 25 студзеня 1831 года ў сям’і лютэранскага святара. З 1841 года навучаўся ў сярэдняй школе ў Гронаў, дзе яго бацька быў настаяцелем мясцовага лютэранскага прыходу. Вывучаў мовы і мовазнаўства і філасофію ў Гётынгенскім універсітэце. Вывучаў таксама фізіку, хімію і батаніку. Праз тры гады перапыніў сваё навучанне і пераехаў у Вялікабрытанію, дзе стаў займацца вывучэннем моў. У 1855 годзе ва ўзросце 24 гадоў апублікаваў англа-турэцкі слоўнік. З 1857 года быў прыватным настаўнікам княгіні, будучай пісьменніцы і каралевы Румыніі Лізаветы фон Нойвід. З 1856 года па 1896 год працаваў добраахвотнікам-перакладчыкам у Брытанскім біблейскім таварыстве. Займаўся перакладам Бібліі на розныя мовы і дыялекты. У 1873 годзе атрымаў навуковую ступень доктара філасофіі ў Гётынгенскім універсітэце. З 1874 года пражываў у Нарвегіі, дзе займаўся папулярызацыяй нарвежскай мовы. У 1885 годзе выдаў зборнік вершаў на нарвежскай мове «Frie Viso ifraa Vigguin» (Вольныя песні з гор).

Пісаў на 30 мовах, размаўляў на 62 мовах, у рознай ступені ведаў каля 200 моў і дыялектаў. Выступаў у абарону нацыянальных і культурных правоў армянаў, палякаў, балгараў, фінаў і лужычанаў. У 1877 годзе напісаў на верхнялужыцкай мове зборнік вершаў «Serbske stucki».

У 1875 годзе пражываў у Клайпедзе, дзе вывучаў літоўскую мову. Разам з літоўскімі грамадскімі дзеячамі выступаў за правы літоўскай мовы ва Усходняй Прусіі. Заснаваў у Тыльзіце Літоўскае літаратурнае таварыства (Lietuvių literatūros draugija), членамі якога сталі вядомыя еўрапейскія лінгвісты, у прыватнасці Адальберт Беценбергер, Філіп Фартунатаў, Эдуардас Гізявіюс, Ян Карловіч, Іван Бадуэн дэ Куртэнэ і Георг Несельман. Напісаў на літоўскай мове песню «Lietuviais esame mes gimę» (Літоўцамі мы нарадзіліся), якая стала ва Усходняй Прусіі гімнам мясцовых літоўцаў. У 1883 годзе пераклаў на літоўскую мову ўрывак з «Гамлета». У 1879 і 1881 гадах удзельнічаў на выбарах у дэпутаты Прускага ландтага як прадстаўнік літоўскай нацыянальнай меншасці. У 1898 годзе спрабаваў стаць дэпутатам ад акругі Тылзыт-Рагніт.

Быў членам Еўрапейскага саюза пацыфістаў. У 1898 годзе апублікаваў зборнік вершаў на пацыфісцкія тэмы на нямецкай і французскай мовах.

Памёр 16 снежня 1904 года ў Осла. Быў пахаваны на могілках Ледэр у горадзе Гронаў.

Сачыненні

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118605828 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 10 снежня 2014.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Паэты Германіі
Катэгорыя·Памерлі 15 снежня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Гановеры
Катэгорыя·Паліглоты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы пра філосафаў без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1831 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Гётынгенскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Нарадзіліся 15 студзеня
Катэгорыя·Памерлі ў Осла
Катэгорыя·Паэты Нарвегіі
Катэгорыя·Грамадскія дзеячы Літвы
Катэгорыя·Лужыцкамоўныя паэты
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў 1904 годзе
Катэгорыя·Філосафы Германіі