Гаро́шак буйнакветны[3] (Vicia grandiflora) — кветкавая расліна роду Гарошак (Vicia) сямейства Бабовыя (Fabaceae).
Аднагадовая або двухгадовая травяністая расліна вышынёй 20—80[3] см. Сцябло прамое, узыходнае, лазячае, апушанае. Лісце чаргаванае, з вусікам і складаецца з 3—8[3] пар лісткоў. Лісткі суцэльныя, з завостранай верхавінкай і гладкім краем, апушаныя. Кветкі з пяццю пялёсткамі, жоўтыя з зеленаватым, фіялетавым або ліловым адценнем, зрэдку белыя, адзінкавыя або парамі. Плод — струк светла-бурага колеру.
Распаўсюджаны на тэрыторыі Еўропы і ўмераных абласцей Заходняй і Сярэдняй Азіі, на Каўказе[4]. Святлолюбівая расліна, ксерафіт, мезафіт, мезатроф[5]. Расце у стэпах, на сухіх лугах, узлесках і палянах, у хмызняках, на пашах, агародах, аблогах, пустках. Цвіце ў ліпені[3].
Кармавая расліна. Ахоўваецца на тэрыторыі Саратаўскай вобласці Расіі[5][6].