wd wp Пошук:

Ганскія

«Корчак» — герб старэйшай лініі роду Ганскіх

Ганскія — шляхецкі род польскага паходжання гербаў «Корчак» і «Газдава». Тытул — графы. Атрымаў сваю назву ад крэпасці Ганск каля Любліна. З’яўляўся адным з самых старажытных шляхецкіх родаў Рэчы Паспалітай.

Гісторыя роду

Польскі перыяд гісторыі роду бярэ пачатак з часоў Другога Крыжовага паходу, калі паўлегендарны заснавальнік роду перабраўся ў Польшчу з Францыі і атрымаў у спадчыннае валоданне ад князя Генрыка Сандамірскага крэпасць Ганск, ад якой і ўтварылася прозвішча. Паводле сямейнай легенды Ганскія — марганацічная галіна дома Раберцінаў. У XIV—XV стагоддзях Ганскія пражывалі на тэрыторыі Холмшчыны, тады ж яны ўпершыню сталі выкарыстоўваць герб «Корчак».

Першае дакументальнае згадванне прозвішча «Ганскі» адносіцца да 1372 года. У дакуменце, які захоўваецца ў Люблінскім дзяржаўным архіве, згадваецца двор Ганск, уласнікам якога значыцца Ян Ганскі. Усе ягоныя будынкі былі драўлянымі, маёнтак уключаў каля 7500 валок зямлі, у тым ліку лугі, балоты і лясы[1].

У 1430 годзе нейкі шляхціц Андрушка Ганскі, павераны старасты Грыцька Кердзея, судзіўся з «рускім папом» Вацам ў надворным і земскім судах Хелма. У 1433 годзе ўсе працэсы паспяхова завяршыліся на карысць Ганскага. У 1539 годзе згадваецца закладны кантракт, па якім шляхцічы Іван і Андрэй Ганскія аддаюць у заклад зямлю за 10 грыўняў Багдану Тарноўскаму.[2]

У XVII ст. Ганскія скасоўваюць і прадаюць ардынацыю ў Ганску, якая на той час налічвала больш за 10 тыс. моргаў (каля 5,6 тыс. га) ворнай зямлі. У XVI—XVIII стагоддзі род распадаецца на дзве галіны — герба «Газдава» і герба «Корчак». Прадстаўнікі роду Ганскіх займалі розныя пасады ў мясцовай адміністрацыі, мелі зямельныя ўладанні на Палессі, Падляссі, Малапольшчы, Мазовіі, Галіцыі, Валыні і Падолле. Лічыліся аднымі з найбуйнейшых землеўладальнікаў на Украіне. У імперыі Габзбургаў шляхецкая годнасць і графскі тытул Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі для рода Ганскіх пацверджана судом у Пшэмысле ў 1782 г.[3] Прадстаўнікі роду зацверджаны ў дваранстве Расійскай імперыі ў 1798 годзе.

Сёння Ганскія пражываюць у Польшчы, Украіне, Беларусі, Расіі, Эстоніі, Германіі, Аўстрыі, Італіі, Францыі, ЗША і інш і выкарыстоўваюць абодва варыянты напісання прозвішча — як гістарычна дакладны варыянт «Hanski», так і транслітараваны варыянт «Ganski». У Германіі і Аўстрыі атрымаў распаўсюджванне варыянт напісання прозвішча з прыстаўкай «von», якая паказвае на шляхецкае паходжанне.

Вядомыя прадстаўнікі роду

Галерэя

Зноскі

  1. Onyszko J. Historia gminy Hańsk według Józefa Onyszko / red. D. Makaruk. — Chełm: Wydawnictwo TAWA, 2014. — 96 s.
  2. Ганский П. Н. Ганские: Прошлое и настоящее. Документально-историческое эссе.: 2-е изд., перераб. и доп. — [б. м.]: Издательские решения, 2020. — 370 с. — С. 74
  3. Poczet szlachty galicyjskiej i bukowińskiej. — Lwów: Drukarnia Instytutu stauropigiańskiego, 1857. — 352 s. — S. 92

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Ганскія