Значнасць прадмета артыкула пастаўленая пад сумненне. Падрабязнасці могуць быць на старонцы размоў.
|
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Орса. Галіна Орса (15 лютага 1930 — 6 красавіка 1984) — беларуская грамадска-культурная дзяячка, педагог. Дачка Аляксандра Орсы і сястра Алы Орса-Рамана.
Нарадзілася 15 лютага 1930 года ў сям’і педагогаў Аляксандра і Наталлі Орсаў у вёсцы Нягневічы гміны Нягневічы Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы.
З лета 1944 года разам з бацькоўскай сям’ёй яна апынулася на эміграцыі. У 1949 годзе скончыла Беларускую гімназію імя Я. Купалы ў Віндышбергердорфе [1], у тым жа годзе прыехала ў ЗША.
Была актыўнай удзельніцай Арганізацыі беларуска-амерыканскай моладзі і Згуртавання беларускай моладзі ў Нью-Ёрку[2], спявала ў хоры, танчыла і выступала ў драматычнай групе. Была сябрам Беларуска-Амерыканскага задзіночання і Жаночага згуртавання, актыўнай парафіянкай прыходу БАПЦ Св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. У 1960-х была настаўніцай у беларускай школцы, якая дзейнічала пры гэтай царкве.
Памерла 6 красавіка 1984 года ў Нью-Ёрку. Пахаваная ў Іст-Брансуіку на могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ.