wd wp Пошук:

Мікола Панькоў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Панькоў. Мікола Панькоў (псеўданімы М. Вольны, М. Лістападавец, Летапісец, Не-Кніжнік, М. Сокал, М. Крэнь ды інш[1].; 12 чэрвеня 1911, Дзвінск, Віцебская губерня[1], або Люцын, цяпер Лудза, Латвія — 7 студзеня 1995, Нью-Ёрк) — беларускі грамадска-культурны дзеяч, выдавец, бібліёграф.

Біяграфія

Вучыўся ў Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, дзе ў адмысловым гуртку пад кіраўніцтвам дырэктара гімназіі С. Сахарава вучыўся складаць каталогі, рэгістраваць беларускія выданні. Падчас вучобы пачаў змяшчаць свае творы ў вучнёўскім часапісе «Школьная праца» (выйшла 14 нумароў), потым былі публікацыі ў газеце беларусаў Латвіі «Голас беларуса», у іншых перыядычных выданнях[1]. У міжваенны час — сябра партыі эсэраў. За сувязь з беларускімі эсэрамі ў 1926 асуджаны латвійскімі ўладамі на 5 гадоў зняволення. Па вызваленні супрацоўнічаў з беларускімі перыёдыкамі ў Заходняй Беларусі і Латвіі.

Па ягоным сведчанні вядома, што яшчэ ў 1930-я гады ён здолеў выдаць дзве кнігі сваёй прозы: «Жывём» (вершы і апавяданні) і раман «У беларускіх лясах», наклад якіх згінуў у час Другой сусветнай вайны[1]. У часы нямецкай акупацыі працаваў інструктарам на чыгунцы.

З лета 1944 — на эміграцыі. Жыў у лагерах для перамешчаных асоб, выдаваў рукапісныя часопісы. У лагеры ў Альдэнбургу заснаваў Беларускую бібліяграфічную службу: збіраў і апісваў беларускія выданні.

У 1951 г. пераехаў у ЗША. Нейкі час рэдагаваў часапіс «Баявая ўскалось». Ад 1952 г. — старшыня Саюза беларускіх журналістаў, уваходзіў у склад Крывіцкага (беларускага) навуковага таварыства імя Ф. Скарыны[1]. Браў удзел у з’ездзе беларускай эміграцыі ў 1947, быў сябрам Рады БНР. Заснаваў Беларускае Інфармацыйнае Бюро і быў яго кіраўніком. У 1956 выйшаў з Рады БНР і разам з Яўхімам Кіпелем, Віктарам Чабатарэвічам, Міколам Шчорсам, Лявонам Савёнкам заснаваў Камітэт Незалежнай Беларусі, у 1984 разам з Васілём Шчэцькам аднавіў выданне «Летапісу Беларускай Эміграцыі».

Памёр Мікола Панькоў 7 студзеня 1995 г. і пахаваны ў ЗША[1].

Творчасць

Першыя публікацыі з’явіліся ў беларускай прэсе Латвіі ў 1920-я гады. Аўтар кніг «Паказнік беларускіх выданняў на чужыне за 1945-50 гг.» (Нью-Ёрк, 1952), «Хроніка беларускага жыцця на чужыне (1945—1984)» (Менск, 2001). Засталіся нявыдадзенымі падрыхтаваныя ў эміграцыі «Слоўнік замежных словаў беларускай мовы», «Хто ёсцьхто на эміграцыі», «Беларуская прэса на эміграцыі»[1].

Працы

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 Крывіцкія руны : вып. II. беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад.. прад.м., камент. М. Казлоўскага. С. Панізьніка. — Мн.: Кнігазбор, 2017. — 452 с. — ISBN 978-985-7180-05-9.
  2. 1 2 3 Рукапіснае выданне
  3. Манускрыпт

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Памерлі 7 студзеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 12 чэрвеня
Катэгорыя·Пахаваныя ў ЗША
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Даўгаўпілсе
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Лудзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Выпускнікі Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1911 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Нью-Ёрку
Катэгорыя·Памерлі ў 1995 годзе