wd wp Пошук:

Габрыэля Пузына

Габрыэля Альбіна Гюнтэр, замужам — княгіня Габрыэля Пузына, Габрыэля Пузыня (польск.: Gabriela Puzynina; 24 верасня 1815, Вільня — 16 жніўня 1869) — польскамоўная паэтэса, пісьменніца і мемуарыстка з Віленскай губерні (Расійская Імперыя).

Карысталася псеўданімам і крыптанімам «G.G.» (г.зн. «Габрыэля Гюнтэр»).

Паходжанне і сям’я

Габрыэля Альбіна Гюнтэр нарадзілася ў Вільні ў каталіцкай сям’і графа Адама Гюнтэра (1782—1854) (з Ігуменскага павета Мінскай губерні) і графіні Аляксандры Тызенгаўз (каля 1790—1843) (з Літоўска-Віленскай губерні). Род графаў Гюнтэраў паходзіў з Германіі (з палатыната Ніжняга Рэйна), прадстаўнік якога Зыгмунт Гюнтэр фон Гейдэльсхайм асеў у 1518 г. у ВКЛ і асіміляваўся ў мясцовым шляхецкім асяроддзі[4], а ў XVIII ст. род ужо адносіўся да карэннай сярэднезаможнай шляхты Новагародскага ваяводства ВКЛ[4]. Прозвішча «Гюнтэр» (Günter) у польскай і рускай транскрыпцыі пісалася і чыталася як «Гінтэр» (Ginter/Гинтер).

Габрыэля была малодшай з трох дачок сваіх бацькоў.

У 1851 г. выйшла замуж за князя Тадэвуша Юзафавіча Пузыну, шлюб з якім быў бездзетным.

Выхаванне і адукацыя

Да шлюбу жыла ў набытым яе бацькам маёнтку Дабраўляны[5] Свянцянскага павета Літоўска-Віленскай губерні. У Дабраўлянах бывалі Ігнат Ходзька (пазней ён адрэдагаваў і давёў да друку першы паэтычны зборнік Габрыэлі Пузыны) і Антоні Эдвард Адынец (пазней літаратурны радца і сябра паэтэсы), Ян Дамель, Юліян Корсак, Ян Рустэм, Андрэй Снядэцкі, Марыя Шыманоўская, Тамаш Зан.

Культурная дзейнасць

Трымала літаратурны салон у маёнтку мужа Гарадзілава (цяпер Маладзечанскі раён), збірала мастацкую калекцыю, бібліятэку. У 1850-я г. гасцямі літаратурнага салону Габрыэлі Пузыні былі Уладзіслаў Сыракомля, Станіслаў Манюшка, Эдвард Жалігоўскі, Уладзіслаў Міцкевіч (сын паэта Адама Міцкевіча)[6].

Разам з мужам падарожнічала па Заходняй Еўропе — наведала Германію і Францыю, у Парыжы завязала цеснае знаёмства з вядомымі польскамоўнымі пісьменнікамі-эмігрантамі — Антоніям Гарэцкім і Багданам Залескім[7].

Як паэтэса вядомая з 12-гадовага ўзросту. Пісала толькі на польскай мове. Дэбютавала вершам у 1828 г. у варшаўскім часопісе «Motyl» пад крыптанімам «G. G.» Выдала некалькі зборнікаў лірычных і маралізатарскіх вершаў, пісала апавяданні, фельетоны, камедыі. У 1830−1840-х склалася як адмысловая паэтэса, у Вільні з друку выйшлі некалькі яе паэтычных зборнікаў: у 1843 г. «W imie Boże» («У імя Божае») і ў 1845 г. «Dalej w świat!» («Далей у свет!»). Другое выданне гэтых яе вершаў, дапоўненае новымі творамі, пад назвай «W imie Boże — Dalej w świat!» («У імя Божае — далей у свет!») выйшла ў Вільнюсе ў 1959 г.[6] У 1857 годзе ў Вільне была выдадзена яе кніга «Małe a prawdziwe opowiadania» («Малыя ды праўдзівыя апавяданні»).

У канцы жыцця на падставе дзённіка, які вяла з юначых гадоў, уласнай перапіскі і дакументаў напісала ўспаміны «Мая памяць», даведзеныя да 1867 г. Рукапіс, багата ілюстраваны малюнкамі, літаграфіямі і фотаздымкамі, уяўляў панараму жыцця ўсіх слаёў грамадства паўночна-заходняй Беларусі і Вільні, змяшчаў каштоўную інфармацыю пра мастацкае жыццё края. У ім шмат звестак пра сем’і Сапегаў, Радзівілаў, Пшаздзецкіх, Тызенгаўзаў, Вайніловічаў, маёнтак Дабраўляны і Дабраўлянскую збраёўню, Паставы, Дзярэчын, Віленскі ўніверсітэт, франка-расійскую вайну 1812 г., Лістападаўскае паўстанне 1830—1831 гг. у літоўска-беларускіх землях. Рукапіс успамінаў загінуў у 1944 г. у Варшаве. Часткова выдадзены А. Чарткоўскім і Г. Масціцкім у 1928 г.

Некаторыя даследчыкі атаясамляюць з Альбінай Габрыэляй Пузынай Адэлю з Устроні[8].

Паасобныя вершы Габрыэлі Пузыны перакладзены Ірынай Багдановіч і іншымі.

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France Albina Gabriela Puzynina // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  2. Gabriela Puzynina // Artists of the World Online, Allgemeines Künstlerlexikon Online, AKL Online / Hrsg.: A. Beyer, B. SavoyB: K. G. Saur Verlag, Verlag Walter de Gruyter, 2009. — doi:10.1515/AKL
  3. 1 2 (Albina) Gabriela Puzynina (z domu Günther) // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  4. 1 2 Puzynina, G. W Wilnie i w dworkach litewskich. Pamiętnik z lat 1815—1843. — Kraków, 1990. — С. 358.
  5. Знаходзіцца за 10 міль ад Вільні каля возера Свір; цяпер — Смаргонскі раён Рэспублікі Беларусь.
  6. 1 2 Puzynina // PSB…
  7. Бурдзялёва І. Габрыэля Пузыня:…
  8. Багдановіч І. Загадка…

Бібліяграфія

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 24 верасня
Катэгорыя·Паэтэсы Беларусі
Катэгорыя·Гюнтэры
Катэгорыя·Пузыны
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вільнюсе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Польскамоўныя паэты
Катэгорыя·Памерлі 16 жніўня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1815 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Памерлі ў 1869 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных