Вітольд Лютаслаўскі (польск.: Witold Lutosławski; 25 студзеня 1913, Варшава — 7 лютага 1994, Варшава) — польскі кампазітар, дырыжор. Член многіх музычных акадэмій, ганаровы доктар некалькіх універсітэтаў. Адзін з найбуйнейшых польскіх кампазітараў XX стагоддзя.
Скончыў Варшаўскую кансерваторыю па класе фартэпіяна (1936) і кампазіцыі (1937). У 1932—55 выступаў як піяніст, з 1935 і дырыжор з выкананнем уласных твораў.
У 1940-я гады працаваў у кірунку, блізкім да неакласіцызму (1-я сімфонія, 1947), сінтэзаваў яго стылістычныя рысы з народным ладавым мысленнем («Сілезскі трыпціх», 1951; «Канцэрт для аркестра», 1954). З пач. 1960-х выкарыстоўваў свабодна трактаваную 12-тонавую серыю («Жалобная музыка» памяці Б. Бартака, 1960), абмежаваную, ці кантраляваную, алеаторыку («Венецыянскія гульні», 1960; «З паэмы Анры Мішо», 1963; струнны квартэт, 1964; 2-я сімфонія, 1967; «Кніга для аркестра», 1968). Музыку 1970—80-х гадоў вызначаюць павелічэнне эмацыянальнага дыяпазону, жанравая канкрэтнасць (Канцэрт для габоя, арфы і 11 струнных, 1980; “Дыялог для скрыпкі з аркестрам «Chain II», 1985).
З 1959 года — віцэ-прэзідэнт Міжнароднага таварыства музычнага выхавання (ISME), у 1965—69 — Міжнароднага таварыства сучаснай музыкі.
Першыя прэміі Міжнароднай трыбуны кампазітараў ЮНЕСКА 1959, 1964, 1968, 1985, прэміі Міжнароднага музычнага савета пры ЮНЕСКА 1983, 1985. Дзяржаўныя прэміі Польшчы 1952, 1955, 1964, 1978.