Ві́таўтас Сі́рыёс-Гі́ра (літ.: Vytautas Sirijos Gira; 12 красавіка 1911, Вільня — 14 лютага 1997, Вільнюс) — літоўскі паэт, празаік, перакладчык; сын пісьменніка Людаса Гіры. Сірыёс — псеўданім, які стаў разам з прозвішчам літаратурным імем.
З 1920 года жыў у Каўнасе. У 1931 года скончыў Каўнаскую езуіцкую гімназію і ў тым жа годзе выпусціў першую кнігу вершаў «Гол у будучыню». У 1931–1936 гадах навучаўся медыцыне ва Універсітэце Вітаўта Вялікага. Працаваў журналістам, настаўнікам. У сталым узросце скончыў Віленскі ўніверсітэт, атрымаў дыплом (1949) і працаваў урачом.
Жонка Альмоне Сірыёс-Гірэне (Almonė Sirijos Girienė), дачка Дануце Сірыёс-Гірайце (Danutė Sirijos Giraitė), сын Альгірдас Сірыёс-Гіра (Algirdas Sirijos Gira).
Выпусціў некалькі зборнікаў вершаў і раманаў. Першы раман «Буэнас-Айрэс» (1956) распавядае пра даваенны Каўнас.
Аўтар п’ес. Суаўтар сцэнарыя кінастужкі «Адам жадае быць чалавекам» (суаўтар сцэнарыя і рэжысёр Вітаўтас Жалакявічус; 1959).
Пераклаў на літоўскую мову паэму Адама Міцкевіча «Гражына», творы Міхаіла Зошчанкі, Кацюбінскага.
Творы перакладаліся на нямецкую, польскую, рускую, чэшскую, эстонскую і іншыя мовы.