Віталь Мікула (1913, в. Нялепава, Нясвіжскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя (цяпер — Нясвіжскі раён, Мінская вобласць, Беларусь) — канец 1944/пачатак 1945, канцэнтрацыйны лагер Дахау, Трэці Рэйх) — беларускі ваенны дзеяч; Падпаручнік Войска Польскага, Маёр (Беларускай краёвай абароны).
Нарадзіўся ў сям’і малазямельнага селяніна. Скончыў сямікласавую школу і дзякуючы лісту Прэзідэнту Польшчы І. Масціцкаму паступіў у кадэцкі корпус Войска Польскага. Служыў у роце ў Хэлмне і Равіч, якой камандаваў Франц Кушаль. У 1939 г. скончыў артылерыйскую вайсковую школу ў Грудзёндзы. Прымаў удзел у нямецка-польскай вайне 1939 г. Пасля разгрому польскай арміі вярнуўся ў Нялепава, займаўся сельскай гаспадаркай.
У 1942 г. Ф. Кушаль запрасіў яго ў Мінск намеснікам кіраўніка афіцэрскіх курсаў. Са снежня 1942 г. у чыне капітана афіцэр сувязі ад Беларускай народнай самапомачы пры Беларускім батальёне чыгуначнай аховы. У 1943 г. падрыхтаваў і выдаў «Страявы вайсковы статут» для беларускага жаўнера. Заступнік шэфы Аддзела БКА Беларускай цэнтральнай рады[2]. З лютага 1944 г. намеснік Ф. Кушаля ў БКА, з якім «апрацоўвалі плян мабілізацыі»[3]. Уваходзіў у склад Статутнай камісіі Кіраўніцтва вайсковых спраў[4].
Служыў у 30-й дывізіі войск СС. Канфліктаваў з нямецкім кіраўніцтвам з прычыны дэзерцірства салдат і імкнуўся захаваць адзінства беларускіх фарміраванняў не падпарадкоўваючыся загадам рускіх афіцэраў РВА. Неспадзявана прапаў у Берліне і, праўдападобна, арыштаваны і быў расстраляны.