Вінцэнт Тышкевіч (1757 — 12 сакавіка 1816, маёнтак Дубай каля Пінска[1]) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Пісар вялікі літоўскі (з 1780), рэферэндар вялікі літоўскі (з 1781).
З лагойскай лініі роду Тышкевічаў гербу «Ляліва», сын Антонія Казіміра, генерал-лейтэнанта літоўскага войска, і Тэрэзы з роду Тызенгаўзаў. Успадкаваў ад бацькі тытул графа на Лагойску і Бярдычаве і маёнткі Лагойск (Мінская губерня), Свіслач (Літоўска-Гродзенская губерня) і Белаполле (Слабодска-Украінская губерня), а таксама шэраг маёнткаў у Пінскім павеце (Мінская губерня). Трымаў Стралкоўскае староства.
Нанова перабудаваў маёнтак Свіслач, заклаў галандскага кшталту парк, перарэзаў яго каналамі і стварыў вялікі заасад. Заснаваў у мястэчку на ўласныя сродкі Свіслацкую гімназію — цэнтр асветы і вальнадумства на Гарадзеншчыне пачатку XIX стагоддзя[2].
У 1778 г. пабраўся шлюбам з Марыяй-Тэрэзай Панятоўскай (1761—1831), пляменніцай польскага караля і вялікага князя літоўскага Станіслава-Аўгуста, ад якой не меў дзяцей.
Паводле тэстаменту ад 1813 г. свае багатыя маёнткі перадаваў сваякам: Лагойск адпісаў графу Пію Тышкевічу (1756—1858), Белаполле — украінскім Тышкевічам, а Свіслач — графу Юзафу Тышкевічу (1724—1815), старосце вяляціцкаму.
Вінцэнт Тышкевіч практыкаваў пакаранні ў дачыненні да ўласных аканомаў, калі тыя пераўзыходзілі раз і назаўсёды ўсталяваны гадавы прыбытак маёнтку[3].