У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Вячаслаў Кузняцоў.
Вячаслаў Уладзіміравіч Кузняцо́ў (15 чэрвеня 1955, Вена) — беларускі кампазітар. Член Беларускага саюза кампазітараў (1985). Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
У 1983 годзе скончыў Беларускую кансерваторыю.
У 1983—1987 гадах працаваў загадчыкам музычнай часткі Дзяржаўнага тэатра лялек Беларусі, з 1987 года — выкладчык у Беларускай акадэміі музыкі (з 1996 года — дацэнт, з 1998 года — загадчык кафедры).[1]
З’яўляецца аўтарам оперы «Запіскі вар’ята» паводле М.Гогаля (1987), балетаў «12 крэслаў» паводле І.Ільфа і Я. Пятрова (1983), «Паланэз» (1994), «Цар Саламон» (1998), «Макбет» (2000) паводле У.Шэкспіра, музыкі да спектакляў «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч (1984), «Чырвоная шапачка» Я.Шварца (1986) у тэатры лялек; да радыёпастаноўкі «Кубліцкі і Заблоцкі» (сцэнарый В. Карняжыцкай, 1991).[2]
Вячаслаў Кузняцоў стварыў цэлую галерэю гукавых вобразаў Беларусi, якiя арганiчна звязаны з народнымi песеннымi традыцыямi. Гэта харавыя i вакальныя творы «Вясковыя святы», «Жаночыя песнi», «Ладачкi», «Беларускае вяселле», «Песнi Палесся i Падняпроўя», «Хатынскiя бярозы», «Спевы даўнейшых лiцвiнаў», «Цiхiя песнi», «Калыханкi».
Захапленне фальклорам знайшло адлюстраванне i ў аркестровай музыцы. Кампазiтар блiскуча валодае ўсiмi сродкамi аркестровай палiтры. Гэта яскравыя, яркiя п’есы «Жалейка», «Палессе», «Чаму ж мне не пець», «Карагод», «Свiрасцёлкi», «Веснавыя забаўкi», «Беларускiя танцы» i iнш.[3]
5 верасня 2013 года на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета адбылася прэм’ера балета «Вітаўт» (балетмайстар Ю.Траян, дырыжор В.Воліч), музыку да якога напісаў В. Кузняцоў. У 2015 годзе калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета ўпершыню атрымаў прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» за ўвасабленне нацыянальна-гістарычнай тэматыкі ў спектаклях тэатра і пастаноўку нацыянальнага балета «Вітаўт». На трэцім рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» «Вітаўт» перамог у чатырох намінацыях.[4]
30 кастрычніка 2018 года на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета пад дзівосную музыку Вячаслава Кузняцова ажыла легенда аб Жанне д’Арк Белай Русі — Анастасіі Слуцкай. Паставіў балет «Анастасія» народны артыст Беларусі Юрый Траян.[5]
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (2002) — за музыку да балета «Макбет» і абрад-дзеянне для народнага хора «Беларускае вяселле». Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.[7]