wd wp Пошук:

Войшвіл

Войшвіл, або Войшвілт[1] (1-я пал. XIV ст. — 1370[1]) — літоўскі баярын.

Магчыма быў княжацкага паходжання. Паходзіў з Упіцкай зямлі[1], «двор» Войшвіла знаходзіўся напэўна ў Вайшвілчай[lt] (паселішча згадваецца ў 1368, 1398 гадах, ёсць і цяпер). Разам з нейкім Рытам трымаў Лагойскае княства[1]. У 1358 годзе «князі і баяры» Патрыкей, Войшвіл (Woyszwylt), Айкша, Алізар і Васка Кірдзеевіч прадстаўлялі літоўскі бок пры ўлагоджанні літоўска-мазавецкіх спрэчак, але на думку некаторых даследчыкаў[2] гэты дагавор пазнейшы фальсіфікат. Кіраваў працэдурай дэмаркацыі літоўска-лівонскай мяжы ў 1350-1360-х гадах[3][4]. На думку А. Ліцкевіча, у дагаворы 1358 года Войшвіл прадстаўляў вялікага князя Альгерда[5]. У 1367 годзе князь Уладзімір Альгердавіч «з князямі» Сцірпейкам, Войшвілам (Waysewist) і таксама Кейстутам прадстаўлялі літоўскі бок у дагаворы паміж ВКЛ і Ордэнам у Лівоніі ад 7.11.1367 года[1].

Храніст XV стагоддзя Ян Длугаш лічыў Войшвіла сынам вялікага князя Кейстута, гэтую думку пераняла «Хроніка Быхаўца», а затым пазнейшыя храністы Стрыйкоўскі і Бельскі. Таксама сынам вялікага князя Кейстута названы Войшвіл пад 1359 годам у г.зв. уставе Альгерда аб крэвах — фальсіфікаце Т. Нарбута. На гэтай падставе, а таксама таму, што Войшвіл напісаны ў крыніцах сярод «князёў і баяр» блізка да князёў, да такога меркавання далучыўся і Ю. Вольф[6].

Паводле Германа Вартберга, Войшвіл (Wezewilte, nobilis satrapa) загінуў у 1370 годзе ад холаду ў адступленні літоўскага войска пасля паразы пад Рудавай[7].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Ліцкевіч А. У. Гародня і Гарадзенскі рэгіён у другой палове XIII—XIV ст. назва і межы // Гарадзенскі палімпсест 2012. Людзі даўняй Гародні. XV—XX стст. / Пад рэд. А. Ф. Смаленчука, Н. У. Сліж.– Гродна, 2013. — ISBN 978-83-7893-136-2 — С. 10-59. — С. 25.
  2. Nowy kodeks dyplomatyczny Mazowsza / Wyd. I. Sułkowska-Kuraś, S. Kuraś. Cz. 3. — Warszawa, 2000. — S. 30, № 24;
  3. Wojtkowiak, Z. Północna granica Litwy w średniowieczu. «Limites inter Litvaniam et Livonia» z 1473 / Z. Wojtkowiak // Poznań–Wilnu. Studia historyków w roku tysiąclecia Państwa Litewskiego. — Poznań: Wyd-wo Poznańskie, 2010. — S. 244.
  4. Dorna, M. Akt delimitacji litewsko-inflanckiej z 7 lipca 1473 roku / M. Dorna // Lituano-Slavica Posnaniensia. — 2013. — № 14. — S. 93.
  5. Ліцкевіч А. У. Гародня і Гарадзенскі рэгіён у другой палове XIII—XIV ст. назва і межы // Гарадзенскі палімпсест 2012. Людзі даўняй Гародні. XV—XX стст. / Пад рэд. А. Ф. Смаленчука, Н. У. Сліж.– Гродна, 2013. — ISBN 978-83-7893-136-2 — С. 10-59. — С. 26.
  6. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy… — S. 160.
  7. Wartb. S. 96.
Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Баяры літоўскія
Катэгорыя·Памерлі ў 1370 годзе
Катэгорыя·Асобы