wd wp Пошук:

Патрыкей Давыдавіч

Патрыкей Давыдавіч (пачатак XIV ст. — пасля 1365) — князь, староста гарадзенскі (1326—1365), князь старадубскі (пасля 1365).

Сын старосты гарадзенскага кн. Давыда. Упершыню ўспамінаецца ў хроніцы Яна Длугаша пад 16.10.1336 года, калі князі Альгерд, Кейстут і іншыя, у т.л. Патрыкей Давыдавіч («Patricius filius David Ruthenus» — Патрыкій сын Давіда Русіна) напалі на Мазовію[1][2], пэўная дзённая дата сведчыць пра яе пазычэнне Я. Длугашам з даўнейшага рочніка або календара[3].

Пазней кн. Патрыкей неаднакроць успамінаецца Вігандам Марбургскім у сваёй хроніцы. Пад 21.01.1356 года Віганд паведамляе пра паход князёў Кейстута, Альгерда і Патрыкея Гарадзенскага (Kynstud, Algart et rex Paterky vulgariter de Karten) супраць Ордэна ў Прусію[4]. У 1358 годзе (13 жніўня) для вызначэння вялікалітоўска-мазавецкай мяжы была створана двухбаковая камісія, куды вял.кн. Кейстут прызначыў князёў і баяр сваіх Патрыкея, Войшвіла, Айкшу, Алізара і Васку Кірдзеевіча (duces et boyaros nostros videlicet super Patryky, Woyszwilt et Aykszy, Olizar et Waskonem Kerdejewicz)[5]. Напэўна ў сувязі з вызначэннем мяжы, мазаўшане каля 1360 года пачалі будаваць замак паблізу Райгорада, на тэрыторыі якую Ордэн лічыў сваёй, таму да месца будаўніцтва падыйшло ордэнскае войска начале з маршалам, які сярод іншага запытаў мазаўшан ці не быў тут Кейстут, на яны адпавялі: «Не Кейстут, але Патрык і яго сын» (non Kynstute, sed Patirke et filius suus)[6][7]. Сакавіком 1361 года Кейстут, Патрыкей і Альгерд (Kynstud, Patirky et Algard) на прускай мяжы Ордэна былі атакаваны немцамі, пры гэтым Кейстут трапіў у палон, а Патрыкей ледзь здолеў уцячы[8]. На пачатку 1364 года нямецкія і англійскія рыцары з Прусіі падыйшлі пад Гродна (Garten), тады кн. Патрыкей «rex dictus Patrike» сустрэў іх хлебам і соллю і пачаў перамовы з ордэнскім маршалам. З-за гэтага і быццам за «сяброўства з Ордэнам», як лічыў Віганд Марбургскі, у наступным годзе вял.кн. Кейстут перавёў кн. Патрыкея з Гродна на іншае рускае княства невядомае храністу[9][10]. Да пераводу, 14.2.1365 года, князі Кейстут, Альгерд, Патрыкей Гарадзенскі і Аляксандр (Kynstud, Algart, Paterky de Garten et rex Alexander) з 4000 войскам напалі на ўладанні Ордэна ў Прусіі[11].

Ужо Я. Длугаш частку звестак пра гарадзенскага «князя» Патрыкея адносіў да ўяўнага сына вял.кн. Кейстута — кн. Патрыкея Кейстутавіча, уласна Я. Длугаш і стварыў гэтую асобу, якая і цяпер жыве ў гістарыяграфіі. Пазней кн. Патрыкея Давыдавіча сталі атаясняць і з рэальным унукам вял.кн. Гедзіміна — кн. Патрыкеем Нарымонтавічам, крыніцы такой думкі пакуль не ясныя.

Пазнейшы лёс кн. Патрыкея вядомы з некалькіх спісаў Любуцкага сінодзіка, якія памінаюць «Кн[я]зя Патрикія Давидовича Стародубскаго, пріемшаго агг[е]лскій образъ, и кн[я]гиню его Елену»[10][12] і «с[ы]на ихъ кн[я]зя Иоанна». Таксама сынамі кн. Патрыкея Давыдавіча былі князь старадубскі Аляксандр і князь рыльскі Фёдар. На думку А. В. Кузіміна, сваяком кн. Патрыкея Давыдавіча быў ноўгарад-северскі князь Канстанцін Давыдавіч і яго сын Цімафей Канстанцінавіч[13].

Старадубскае княства кн. Патрыкей атрымаў не ў 1365 годзе, бо пад уладай ВКЛ яно вядома з 1379 года, а трапіла пад яе ў 1372—1375 гадах, напэўна тады і было нададзена кн. Патрыкею. Невядома якое княства ён трымаў перад гэтым.

Зноскі

  1. Лицкевич, 2014, с. 35.
  2. Długosz J. Opera omnia. — Cracoviae, 1876. — Т. XII. Historiae polonicae libri XII. T. III. — P. 172.
  3. Келембет, 2015, с. 13.
  4. Scriptores rerum Prussicarum. – Leipzig, 1863. – Bd. 2. – S. 522.
  5. Kodeks dyplomatyczny Księstwa Mazowieckiego. – Warszawa, 1863. – S. 73-74, № LXXX (Datum et actum in Grodno feria tercia proxima infra octauas Beati Laurencij Martiris gloriosi).
  6. Codex diplomaticus Prussicus. – Königsberg, 1848 – Bd. 3. – S. 115, № 87.
  7. Scriptores rerum Prussicarum. – Bd. 2. – S. 525.
  8. Scriptores rerum Prussicarum. – Bd. 2. – S. 527-528; Bd. 3. – S. 80.
  9. Scriptores rerum Prussicarum. – Bd. 2. – S. 544-545.
  10. 1 2 Лицкевич, 2014, с. 36.
  11. Scriptores rerum Prussicarum. – Bd. 2. – S. 549.
  12. Зотов Р. В. О черниговских князьях по Любецкому синодику и о Черниговском княжестве в татарское время. — СПб: Тип. братьев Пантелеевых, 1892. — 379 с. — С. 28.
  13. Кузьмин А. В. (ГУАГН) Рюриковичи или Гедиминовичи? Проблема идендификации русско-литовских князей XIV — начала XV в. в письменных источниках XIV—XVII в. // Древняя Русь: вопросы медиевистики № 3(69), сентябрь 2017 г. — С. 67.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Старосты гарадзенскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Князі старадубскія (северскія)