wd wp Пошук:

Герман Вартберг

Герман Вартберг (ням.: von Wartberge) — духоўны брат Тэўтонскага ордэна, капелан лівонскага ландмайстра, храніст.

Напэўна, паходзіў з месцічаў аднаго з гарадоў у Вестфаліі, чые арыстакратыя і бюргерства бралі значны ўдзел у каланізацыі Лівоніі. Прыбыў у Лівонію, ці прынамсі ўвайшоў у блізкія сувязі з дваром лівонскага ландмайстра, напэўна каля 1358 года, бо менавіта з гэтага часу яго хроніка робіцца падрабязней за папярэднія гады. У 1366 годзе Герман Вартберг ужо выконваў важную службу ўпаўнаважанага Лівонскай правінцыі Тэўтонскага ордэна пры заключэнні ў Данцыгу пагаднення паміж Ордэнам і яго сапернікамі, архібіскупам рыжскім і іншымі лівонскімі біскупамі. Гэта дазваляе лічыць, што тым часам Вартберг быў ужо немаладым чалавекам. Захаваўся напісаны ім дакумент супраць дамаганняў духавенства з аспрэчваннем выстаўленых Ордэну абвінавачванняў.

Займаючы пасаду пры лівонскім ландмайстры, Вартберг пры напісанні сваёй хронікі мог карыстацца архіўнымі дакументамі ордэнскага замку ў Рызе; ён не толькі вёў дыпламатычныя перамовы Ордэна з духавенствам, але і сам асабіста ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях Ордэна, неаднакроць суправаджаў лівонскага ландмайстра Арнольда Фіцінгофа (кіраваў з 1360 па 1364) і Вільгельма Фрымерсгейма (кіраваў з 1364 па 1385) у іх паходах супраць літоўцаў. Аднойчы, у 1372 годзе, Герман Вартберг з ландмайстрам і атрадам рыцараў вяртаўся ў Лівонію з Марыенбургскага галоўнага капітула ў Прусіі і на дарозе, пры р. Святая Аа, на іх напалі літоўцы, але былі адбітыя рыцарамі. Пад 1380 годам згадваецца ўпаўнаважаны лівонскага ландмайстра Герман, якому было даручана заключыць перамір’е з кн. Ягайлам і палачанамі, верагодна гэта быў Вартберг.

Зноскі

  1. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #100946097 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 29 сакавіка 2015.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Ніжняй Саксоніі
Катэгорыя·Памерлі ў 1380 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1330 годзе
Катэгорыя·Гісторыкі Германіі