wd wp Пошук:

Васіль Станіслававіч Мацюшэўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мацюшэўскі.

Васіль Станіслававіч Мацюшэўскі (руск.: Василий Станиславович Матюшевский, 26 сакавіка 1969, Орша, Віцебская вобласць, БССР, СССР) — беларускі фінансіст, банкір і дзяржаўны дзеяч. Кандыдат эканамічных навук (1995). Першы намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі (2014—2018).

Сям’я

Нарадзіўся 26 сакавіка 1969 года ў Оршы ў сям’і Станіслава Мацюшэўскага і яго жонкі Марыі Дзмітрыеўны. Сям’я жыла на ўскраіне Оршы ў прыватным доме і трымала ў сваёй падсобнай гаспадарцы кур і свіней.

Бацька — Станіслаў Мацюшэўскі — узначальваў транспартную спецбазу. Дзед Васіля Мацюшэўскага па мужчынскай лініі паходзіў з Круглянскага раёна і насіў прозвішча не «Мацюшэўскі», а «Бяззубік», і пасля шлюбу ўзяў прозвішча сваёй жонкі «Мацюшэўскі»[1].

Маці — Марыя Дзмітрыеўна Мацюшэўская — паходзіць з Аршанскага раёна і да пенсіі працавала на заводзе сілікатных вырабаў[1].

У Васіля Мацюшэўскага ёсць сястра, якая па прафесіі медык і жыве ў Петрапаўлаўску-Камчацкім (Расійская Федэрацыя)[1].

Падчас вучобы ў Мінску ва ўніверсітэце Васіль Мацюшэўскі ажаніўся з Аленай Леанідаўнай Давыдзенка, якая была дачкой доктара эканамічных навук Леаніда Давыдзенкі і вучылася на курс маладзей. Леанід Давыдзенка пачынаў працаваць выкладчыкам эканамічнай тэорыі ў БДУ, пазней стаў прарэктарам БДУ, а ў канцы 1990-х гадоў быў галоўным саветнікам у прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сяргея Лінга. Цяпер Леанід Давыдзенка працуе загадчыкам кафедрай эканомікі ў БДПУ імя Максіма Танка[1].

У першыя гады пасля вяселля Алена Леанідаўна ўказвалася ў дакументах як «Мацюшэўская», але пасля зноў пачала пісацца як «Давыдзенка» і ў цяперашні момант працуе выкладчыкам на факультэце міждародных адносін БДУ. Кандыдацкая дысертацыя Алены была прысвечана эфектыўнасці знешнеэканамічнай дзейнасці Беларусі на прыкладзе сувязей з Расіяй. Некалькі год таму Алена Давыдзенка стала доктарам эканамічных навук, абараніўшы дысертацыю на тэму «Знешнегандлёвая палітыка краін з малой адкрытай эканомікай ва ўмовах лібералізацыі міжнароднай гандлёвай сістэмы»[1].

Ад Алены Давыдзенкі ў Васіля Мацюшэўскага ёсць сын Ян Васілевіч Мацюшэўскі, які ў 2015 годзе скончыў навучанне ў БДУ і плануе стаць фінансістам[1].

Адукацыя

У 1986 годзе скончыў срэднюю школу № 3 г. Орша з «залатым медалём». Хацеў пасля школы ісці вучыцца на ваеннага афіцэра, але вырашыў ісці вучыцца на эканаміста ў Мінск, дзе яму як медалісту трэба было толькі прайсці іспыты па дысцыпліне «грамадазнаўства».

У 1991 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, атрымаўшы спецыяльнасць «Палітычная эканомія»[2]. У студэнцкія гады кожны год ездзіў летам у студэнцкія будаўнічыя атрады, каб зарабіць грошы.

У 1994 годзе скончыў аспірантуру Інстытута эканомікі Акадэміі навук Беларусі, у 1995 годзе абаранініў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Канцэптуальныя асновы фарміравання знешнеэканамічнай палітыкі Беларусі» і атрымаў навуковую ступень кандыдата эканамічных навук[2].

У 2012 годзе скончыў Лонданскую школу бізнесу, навучанне ў якой аплаціў банк «БПС-Сбербанк», главой якога ў тыя гады Мацюшэўскі і з’яўляўся. На высокім узроўні валодае англійскай мовай[1].

Працоўная дзейнасць

Пасля сканчэння ўніверсітэта некалькі месяцаў працаваў у 1991—1992 гг. начальнікам аддзела навукова-вытворчага прадпрыемства «Фенікс» (г. Мінск), а пасля — некалькі месяцаў навуковым супрацоўнікам Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Дзяржэканомплана БССР.

З 1992 г. пачаў працаваць у дыпламатычнай сферы, бо гэта быў час станаўлення самастойнай Рэспублікі Беларусь, якая не мела сваёй развітай дыпламатычнай службы, таму кола беларускіх дыпламатаў у тыя часы актыўна папаўнялася спецыялістамі з іншых сфер, у тым ліку эканамічнай.

З 1992 г. працаваў у аддзеле міжнародных эканамічных адносін Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і адначасова вучыўся ў аспірантуры Інстытуа эканомікі Акадэміі навук Беларусі. З 1992 да 1994 г. — аташэ, трэці сакратар Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

З 1994 да 1997 г. — галоўны эканаміст, начальнік аддзела, намеснік начальніка ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

З 1997 да 1998 г. — эканамічны саветнік Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь.

З 1998 да 2010 г. — дырэктар дэпартамента, намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь: курыраваў пытанні кіравання золатавалютнымі рэзервамі, прыцягнення замежных інвестыцый у банкаўскую сістэму Беларусі, аператыўнага кіравання курсам беларускай нацыянальнай валюты, аперацыі Нацбанка на адкрытым рынку; адказваў за міжнародную дзейнасць, у тым ліку супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам.

Пасля дэвальвацыі беларускага рубля ў 2009 г., пераходзіць у 2010 г. з дзяржаўнай службы на працу ў камерцыйны банк. З 2010 да 2011 г. з’яўляўся генеральным дырэктарам, старшынёй праўлення ААТ «БПС-Банк». З 2011 да 2014 г. — старшыня праўлення ААТ «БПБ-Ашчадбанк» (таго ж банка, але з новай назвай з 2011 г.).

27 снежня 2014 г. прызначаны на пасаду Першага намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі.

16 кастрычніка 2015 г. пастановай Савета Міністраў № 870 у складзе Урада склаў свае паўнамоцтвы перад нававыбраным Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь[3].

18 жніўня 2018 г. вызвалены ад пасады Намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь[4].

З 22 кастрычніка 2018 г. узначаліў ААТ «Белзнешэканомбанк»[5].

Маёмасць

Пасля прызначэння на пасаду першага намесніка старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Васіль Мацюшэўскі (як да таго часу і іншыя намеснікі старшыні Нацыянальнага Банку Беларусі Пятра Пракаповіча) атрымаў у Мінску пляц зямлі ў 0,11 га паблізу вадасховішча Дразды ў т.зв. «пасёлку банкіраў», дзе пабудаваў катэдж[2].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 В правительстве впервые появился топ-менеджер с европейским образованием: история жизни Василия Матюшевского
  2. 1 2 3 Первый вице-премьер Василий Матюшевский: теперь и 15 лет назад
  3. Архіўная копія(руск.)  (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 17 кастрычніка 2015.
  4. Прэзідэнт змяніў кіраўніцтва ўрада
  5. Мацюшэўскі зацверджаны кіраўніком Банка БелВЭБ(нявызн.). Наша Ніва (17 кастрычніка 2018).

Узнагароды

Спасылкі

  1. Решение Высшего Евразийского Экономического Совета от 8 мая 2015 года № 4 «О награждении медалью „За вклад в создание Евразийского экономического союза“» Архівавана 25 лютага 2021.
Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Нарадзіліся 26 сакавіка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1969 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Оршы
Катэгорыя·Кандыдаты эканамічных навук
Катэгорыя·Намеснікі прэм’ер-міністраў Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Выпускнікі БДУ