wd wp Пошук:

Барыс Рафаілавіч Тасман

Барыс Рафаілавіч Тасман (13 лістапада 1954, Мінск — 25 чэрвеня 2022, Мінск) — беларускі журналіст, спартыўны аглядальнік, аналітык і публіцыст.

Аўтар праблемных публікацый і журналісцкіх расследаванняў пра спартыўную галіну Беларусі, гісторык спорту.

Біяграфія

Нарадзіўся 13 лістапада 1954 года ў Мінску ў яўрэйскай сям’і. Маці Рыва Яўсееўна (Плоц) — карэнная мянчанка, падчас Другой Сусветнай вайны страціла на фронце бацьку і двух братоў. Працавала ў Мінску бухгалтаркай. Бацька, дзед і прадзед — ураджэнцы мястэчка Лебедзева (Маладзечанскі раён). Бацька Рафаіл Мееравіч — ветэран і інвалід вайны, 40 год адпрацаваў на мінскім заводзе «Ударнік». Адна з сясцёр бацькі і ягоная цётка загінулі ў Мінскім гета ў 1942 годзе.[1]

Скончыў мінскую сярэднюю школу № 23. Вучыўся ў Палітэхнічным інстытуце, але не скончыў. Працаваў грузчыкам на «Паліграфкамбінаце імя Якуба Коласа», рабочым у зборачным цаху заводу «Ударнік», у лабараторыі Белдзіправадгасу. Скончыў вечаровае аддзяленне геафаку БДУ (1980)[2].

З 1981 па 1994 год — настаўнік геаграфіі ў мінскіх школах № 117 і 46. Стварыў у СШ № 46 першы ў Беларусі школьны музей касманаўтыкі (19871994), які адкрываў беларускі касманаўт Уладзімір Кавалёнак[3].

Памёр 25 чэрвеня 2022 года ў Мінску ад анкалагічнай хваробы[4].

Журналістыка

З дзяцінства цікавіўся спортам, «марыў пра спартыўную журналістыку»[1]. 5 студзеня 1994 года першая незалежная спартыўная газета Беларусі «Прессбол» апублікавала дэбютны артыкул 38-гадовага Тасмана, тады яшчэ настаўніка геаграфіі[5] — пра рэформу футбольнага чэмпіянату краіны.

З 1994 па 1997 год — штатны супрацоўнік газеты «Прессбол», у якой асвятляў футбол, лёгкую атлетыку, тэніс, барацьбу, дзюдо, фехтаванне, шахматы ды іншыя алімпійскія віды спорту.

У 1997-1998 год — спартыўны аглядальнік самай масавай на той час незалежнай грамадска-палітычнай газеты Беларусі «Свабода». З 1999 па 2002 год — рэдактар аддзелу спорту «Белорусской деловой газеты». Працаваў штатным аглядальнікам «Белорусской газеты» (2002), быў рэгулярным аўтарам часопісаў «Кур’ер», «Дело», Belarus&Business, «Белорусский ежегодник», газет «Известия», «Беларускі час», «Салідарнасць» ды інш. З 2002 па 2020 — зноў аглядальнік «Прессбола», курыраваў у рэдакцыі алімпійскія віды спорту.

У розныя гады — аўтар цыкляў публікацый пра гісторыю Алімпійскіх гульняў, шматлікіх інтэрв’ю з славутымі беларускімі спартоўцамі, трэнерамі, функцыянерамі розных эпох, якія складаюць летапіс беларускага спорту. Аўтар праблемных аналітычных тэкстаў і журналісцкіх расследаванняў аб спартыўнай галіне Беларусі[6].

З месца падзей асвятляў чэмпіянаты свету і Еўропы ў лёгкай атлетыцы ў Гётэборгу (1995), Парыжы (1997), Будапешце (1998), Маскве (2013) ды інш. На грамадскіх пачатках выконваў ролю прэс-аташэ Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі (2005—2006). Сышоў з пасады пасля таго, як дзейнасць новага кіраўніцтва федэрацыі страціла празрысты характар[2].

Выступаў у друку не толькі пад сваім прозвішчам, але і пад псеўданімамі Сямён Плоц, Міхась Мошын.

Даробак

Барыса Тасмана называлі «адным з найбольш аўтарытэтных знаўцаў спорту»[7] ў Беларусі, «легендай беларускай спартыўнай журналістыкі»[8] . Быў вядомы «энцыклапедычнымі ведамі ў галіне спартыўнай гісторыі і статыстыкі»[7], ягоная спартыўная аналітыка «стала асобнай з’явай у беларускай журналістыцы»[9].

«Тасман памятаў усё на свеце. Не ведаю, хто яшчэ можа гэтаксама любіць спорт, як ён. Гэтаксама разбірацца ва ўсіх алімпійскіх відах спорту, сачыць, ведаць напамяць рэкорды. А самае галоўнае — рэчы, якіх няма нават у гугле. Прычым дзяліцца ўсімі гэтымі ведамі ахвотна, з радасцю, чакаючы, што можа атрымацца добры матэрыял». Андрэй Вашкевіч[8]

Барыс Тасман першым прапанаваў і цягам доўгіх гадоў абгрунтоўваў канцэпцыю рэформы футбольнага чэмпіянату Беларусі, якая была прынятая Беларускай федэрацыяй футболу праз 20 год[5].

У сваіх публікацыях зафіксаваў і прадказаў поспех будучых зорак спорту тэнісістаў Максіма Мірнага, Уладзіміра Ваўчкова, Уладзіміра Самсонава, лёгкаатлеткі Юліі Несцярэнкі ды інш. Адстойваў правы Несцярэнкі і яе трэнера Віктара Ярашэвіча падчас канфлікту з чыноўнікамі, калі спрынтарка была ў кроку ад завяршэння кар’еры — усяго за паўтара году да алімпійскай перамогі ў Афінах-2004[10] [11].

Пасля публікацый Тасмана былі вернутыя з забыцця і рэабілітаваныя імёны славутых беларускіх спартоўцаў — фехтавальшчыка Аляксея Ніканчыкава[12] і стралка Ігара Бакалава [13]; заснаваныя мемарыяльныя спаборніцтвы памяці Ніканчыкава, Мечыслава Аўсяніка, Сяргея Хамчука[2].

Паслядоўна выступаў супраць сістэмнага ўжывання допінгу ў беларускім спорце, крытыкаваў палітыку завозу ў Беларусь расійскіх спартоўцаў — на шкоду развіцця нацыянальных спартовых школ і традыцый, выкрываў праявы карупцыі з боку чыноўнікаў і функцыянераў[3].

Падчас працы ў «Белорусской деловой газете» пісаў артыкулы на сацыяльна-палітычную тэматыку з крытыкай палітыкі ўладаў Беларусі. Вёў аўтарскую публіцыстычную калонку на сайце інфармагенцтва БелаПАН Naviny.by.

Аўтар даведніка «100 лет чемпионатов Европы по греко-римской борьбе. Справочник» (Мінск, 1998).

Зноскі

  1. 1 2 Р. Игнатович. Борис Тасман: Политики должны понимать, к чему призывают людей, куда ведут, и нести за это ответственность — Белорусский партизан», 13.01.2017 (нявызн.).
  2. 1 2 3 Борис Тасман: в роли телеграфного столба. - “Прессбол“, 19.06.2007 (нявызн.).
  3. 1 2 “Ён пакінуў святло ў жыцці тысяч чалавек”: сын пра легендарнага спартовага журналіста Барыса Тасмана. — Беларуская асацыяцыя журналістаў, 27.06.2022 (нявызн.).
  4. Памёр Барыс Тасман. — “Наша ніва”, 25.06.2022 (нявызн.).
  5. 1 2 Тасман о его давней идее реформирования чемпионата Беларуси по футболу. - Telegraf.news, 04.02.2013 (нявызн.).
  6. У Менску разьвіталіся з журналістам Барысам Тасманам. - Радыё Свабода, 27.06.2022 (нявызн.).
  7. 1 2 Наше мнение. Сообщество экспертов Беларуси. Борис Тасман. (нявызн.).
  8. 1 2 А.Вашкевич. “Борис, ты прав!” Тасман, которого мы потеряли. - “Прессбол”, 26.06.2022 (нявызн.).
  9. Умер спортивный журналист Борис Тасман. - Bdg.by, 26.06.2022 (нявызн.).
  10. Б. Тасман. Судьба тренера. Виктор Ярошевич: кто тормозит спринт? - “Прессбол“, 05.03.2003 (нявызн.).
  11. Б. Тасман. Анатомия победы. “Тайны” Юлии Нестеренко. - “Прессбол“, 23.08.2004 (нявызн.).
  12. Б. Тасман. Помянем. Жизнь после смерти. - “Прессбол”, 27.11.2002 (нявызн.).
  13. Б. Тасман. Помянем. Игорь Бакалов: недолет Стрельца. – «Прессболл», 22.06.2003 (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 29 ліпеня 2008. Праверана 17 лістапада 2022.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (25):
Катэгорыя·Журналісты
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1954 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй месца нараджэння ў картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй месца смерці ў картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Журналісты Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Касманаўтыка Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Спартыўныя журналісты
Катэгорыя·Памерлі ў 2022 годзе
Катэгорыя·Настаўнікі
Катэгорыя·Нарадзіліся 13 лістапада
Катэгорыя·Выпускнікі геафаку Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
Катэгорыя·Памерлі 25 чэрвеня
Катэгорыя·Супрацоўнікі і аўтары «Белорусской деловой газеты»
Катэгорыя·Супрацоўнікі і аўтары газэты «Свабода»
Катэгорыя·Супрацоўнікі і аўтары газэты «Прессбол»
Катэгорыя·Выпускнікі геаграфічнага факультэта БДУ
Катэгорыя·Выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Настаўнікі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы