У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шапіра. Бары́с Міро́навіч Шапі́ра (20 сакавіка 1930, Журавічы, Рагачоўскі раён, Гомельская вобласць — 4 красавіка 2019) — беларускі вучоны-эканаміст-аграрнік. Доктар эканамічных навук, прафесар. Акадэмік Міжнароднай акадэміі інфармацыёных працэсаў i тэхналогій. Заслужаны працаўнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (1995). Бацька С. Шапіры.
Нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Журавічы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.
У 1953 скончыў гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута.
Восем гадоў працаваў у сярэдняй школе, з іх шэсць — дырэктарам.
1961 — 1973 — старшыня калгаса імя Суворава Любанскага раёна.
1973 — 1991 — загадчык сектара арганізацыі працы ў Беларускім навукова-даследчым інстытуце аграрнай эканомікі.
1991 — 2004 — загадчык аддзела арганізацыйных структур АПК, загадчык сектара адаптацыі калгасаў і саўгасаў да рынкавай інфраструктуры гэтага інстытута.
У 1970 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Інтэнсіфікацыя малочнай жывёлагадоўлі» ў 1990 — доктарскую — «Арганізацыя працы ў сельскай гаспадарцы (тэорыя, метадалогія, практыка)».
З 1991 — прафесар. У 1996 г. абраны сапраўдным членам Міжнароднай акадэміі навук інфармацыі, інфармацыйных працэсаў і тэхналогій (МАНІПТ), якая з’яўляецца арганізацыяй, асацыяванай з Дэпартаментом грамадскай інфармацыі ААН.
Заслужаны працаўнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, дэпутат Вярхоўнага Савета 8-га склікання.
Навуковыя працы па праблемах сельска-гаспадарчай вытворчасці, рэфармавання АПК Беларусі.