wd wp Пошук:

Артур Конан Дойл

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дойл. Сэр А́ртур Ігна́цыус Ко́нан Дойл (22 мая 1859, Эдынбург, Шатландыя, Вялікабрытанія — 7 ліпеня 1930, Кроўбара, Англія, Вялікабрытанія) — брытанскі пісьменнік, атрымаў найбольшую вядомасць дзякуючы сваім дэтэктыўным гісторыям пра Шэрлака Шолмса і Доктара Уатсана, якія сталі прарывам у галіне дэтэктыўнага жанру. Акрамя гэтага пісаў навуковую фантастыку, гістарычныя навелы, п’есы і г. д.

Біяграфія

Нарадзіўся ў Эдынбургу ў сям’і ірландскіх католікаў, людзей мастацтва. Бацька будучага пісьменніка, Чарлз Алтамонт Дойл, ва ўзросце 22 гадоў ажаніўся з 17 гадовай Мэры Фоўлі, якая вельмі любіла кнігі. Пісьменнік згадваў у аўтабіяграфіі, што літаратуру палюбіў дзякуючы маці, а яго самыя яскравыя ўспаміны з дзяцінства — пра гісторыі, што яна расказвала. Пасля смерці дзядзькі пісьменнік вырашыў узяць яго прозвішча ў якасці другога імя, і пасля ўсе свае творы падпісваў як Артур Конан Дойл.[7]

Сям’я жыла бедна, бацька піў і меў запальчывы характар, з 9 гадоў хлопчык жыў і вучыўся ў закрытым езуіцкім каледжы Стоніхерст. Па звароце з каледжа ў 1876 Артур быў вымушаны перапісаць на сябе бацькавы паперы, бо той амаль што звар’яцеў. Малады Дойл паступае на медыцынскі факультэт у Эдынбургскі ўніверсітэт, дзе ў яго з’яўляецца шмат сяброў, і сярод іх — Джэймс Бары і Роберт Льюіс Стывенсан.[7]

У часе навучання на трэцім курсе Артур Дойл пад уплывам Эдгара По і Фрэнсіса Брэт Гарта напісаў першае апавяданне «Таямніца Сэсаскай даліны» (The Mystery of Sasassa Valley), якое надрукавалі ва ўніверсітэцкім часопісе. У тым самым годзе з’явілася ў друку і другое апавяданне — «Амерыканская гісторыя» (The American Tale).[7]

У 1885 Дойл здабывае ступень бакалаўра і пачынае медыцынскую практыку, але праз колькі год вырашае прысвяціць сябе літаратуры. У жніўні 1885 пісьменнік жэніцца з Луізай Хокінс. Доўгія гады яна пакутавала ад сухотаў і ў 1906 памерла, а ў 1907 пісьменнік ажаніўся другі раз, з Джын Лекі. У гэтых шлюбах у яго нарадзілася пяцёра дзяцей.[7]

У наступныя гады Дойл выдае шэраг раманаў. «Таямніца Клумбера» (The Mystery of Cloomber, 1889) — загадкавы раман пра жыццё трох помслівых будыйскіх манахаў. «Гандлёвы дом Гэрдлстан» (The Firm of Girdlestone, 1890) напісаны пад уплывам Ч. Дыкенса. У 1888 Конан Дойл скончыў гістарычны раман «Міхей Кларк» (Micah Clarke), дзе расказваецца пра паўстанне Манмута (1685). Сярод гістарычных раманаў «Белы атрад» (The White Company, 1891), «Родні Стоўн» (Rodney Stone, 1896), «Выгнаннікі» (The Refugees, 1892—93).[7]

У 1891 Артур Конан Дойл выдаў першае апавяданне з серыі «Прыгоды Шэрлака Холмса» — «Скандал у Багеміі». Прататыпам галоўнага героя быў Джозэф Бэл, прафесар Эдынбургскага ўніверсітэта, які ўмеў, назіраючы за чалавекам, разгадваць яго мінулае. Геніяльнаму дэтэктыву пісьменнік прысвяціў раманы «Эцюд у барвовых танах» (A Study in Scarlet, 1887), «Знак чатырох» (The Sign of Four, 1890), «Сабака Баскервіляў» (The Hound of the Baskervilles, 1902), «Даліна жаху» (The Valley of Fear, 1915) і зборнікі апавяданняў, сярод якіх «Прыгоды Шэрлака Холмса» (The Adventures of Sherlock Holmes, 1892), «Нататкі Шэрлака Холмса» (The Memoirs of Sherlock Holmes, 1894), «Вяртанне Шэрлака Холмса» (The Return of Sherlock Holmes, 1905). Творы, аб’яднаныя вобразам сышчыка-аматара Шэрлака Холмса, прынеслі аўтару сусветную вядомасць.[7]

У 1900 Дойл як вайсковы хірург адпраўляецца на англа-бурскую вайну. У 1902 ён выпусціў кнігу «Вайна ў Паўднёвай Афрыцы», якая была ўхвалена ўрадам. Праз пэўны час пісьменнік атрымлівае дваранскае і рыцарскае званне, а таксама мянушку Патрыёт, якою вельмі ганарыўся.[7]

У 1912 Дойл выдаў навукова-фантастычную аповесць «Закінуты свет» (The Lost World), што адкрывае цыкл твораў пра прафесара Чэленджэра. Пасля яе пабачыў свет «Атручаны пас» (The Poison Belt, 1913), «Краіна туманоў» (The Land of Mists, 1926), «Дэзінтэграцыйная машына» (The Disintegration Machine, 1929) і «Калі Зямля ўскрыкнула» (When the World Screamed, 1928).[7]

Аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі: «Песні дзеяння» (Songs of Action, 1898), «Песні дарогі» (Songs of the Road, 1911).[7]

Падчас Першай сусветнай вайны Дойл, якому не дазволілі пайсці добраахвотнікам на фронт, прысвяціў сябе публіцыстычнай дзейнасці, шмат пісаў на ваенную тэму. У 1916 ён надрукаваў кнігу «На трох франтах», а ў 1920 скончыў 6-томную працу «Гісторыя дзеяння англійскіх войскаў у Францыі і Фландрыі». На вайне загінулі яго брат, сын і два пляменнікі.[7]

Пасля вайны Дойл пачынае актыўна цікавіцца спірытуалізмам і выдае шэраг прац на гэту тэму: «Новае Адкрыццё» (1918), «Гісторыя спірытуалізму» (The History of Spiritualism, 1926). У 1924 выйшла аўтабіяграфічная кніга «Успаміны і прыгоды». Апошнім значным творам стала навукова-фантастычная аповесць «Маракотава бездань» (The Maracot Deep, 1929).[7]

Апошнія гады жыцця Дойл правёў у падарожжах і толькі захварэўшы вярнуўся ў Лондан. Памёр сваім доме ў Кроўбара (Сасэкс) ад сардэчнага прыступу. На надмагільным помніку пісьменніка выбілі, апроч імя і даты нараджэння, наступныя словы: «Верны, як сталь, прамы, як клінок» (Steel True, Blade Straight).[7]

Ацэнкі

Прадаўжаючы традыцыі Э. По і У. Колінза, развіў дэтэктыўны жанр, у якім спалучаў драматызм і дынаміку апавядання з псіхалагічнай пераканаўчасцю вобразаў.[8]

Ушанаванне памяці

У Лондане створаны мемарыяльны Музей Шэрлака Холмса.

Беларускія пераклады

Зноскі

  1. group of authors Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911.
  2. 1 2 Дойл, Артур Конан // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 2.
  3. Наркевич А. Ю. Дойл Артур Конан // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1972. — Т. 8 : Дебитор — Евкалипт. — С. 397. Праверана 28 верасня 2015.
  4. Encyclopædia Britannica
  5. 1 2 3 4 5 6 7 8 Oxford Dictionary of National Biography / C. MatthewOxford: OUP, 2004.
  6. 1 2 Conan Doyle reburialCardiff: Reach plc, 1955. — Iss. 26804. — P. 1.
  7. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 Артур Конан Дойл (Arthur Conan Doyle)…
  8. Лявонава Е. А. Плыні і постаці…

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (27):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся 22 мая
Катэгорыя·Пісьменнікі Вялікабрытаніі XX стагоддзя
Катэгорыя·Пісьменнікі-фантасты Вялікабрытаніі
Катэгорыя·Артур Конан Дойл
Катэгорыя·Памерлі 7 ліпеня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Эдынбургу
Катэгорыя·Аўтары гістарычных раманаў
Катэгорыя·Памерлі ў 1930 годзе
Катэгорыя·Англамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Пісьменнікі Вялікабрытаніі
Катэгорыя·Пахаваныя ў Англіі
Катэгорыя·Аўтары прыгодніцкай літаратуры
Катэгорыя·Памерлі ў Вялікабрытаніі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Пісьменнікі Шатландыі
Катэгорыя·Постаці шатландскай медыцыны
Катэгорыя·Памерлі ў Кроўбара
Катэгорыя·Пісьменнікі Вялікабрытаніі XIX стагоддзя
Катэгорыя·Рыцары-бакалаўры
Катэгорыя·Аўтары дэтэктыўнай прозы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1859 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Меджыдые
Катэгорыя·Памерлі ў Сусексе
Катэгорыя·Асобы