Project Gutenberg, праект «Гутэнберг» — грамадскі праект па аблічбоўцы розных твораў сусветнай літаратуры. Заснаваны ў 1971 годзе, лічыцца найстарэйшай электроннай бібліятэкай. Большасць тэкстаў з’яўляюцца грамадскім набыткам.[4]
Тэксты даступны як у выглядзе тэкставага файла, так і ў фарматах PDF, EPUB, MOBI. Мова большасці тэкстаў — англійская. З іншых моў часцей за ўсё прадстаўлены французская, нямецкая, фінская. Таксама ёсць тэксты на рускай і каталонскай мовах, на санскрыце і інш.
Праект атрымаў сваю назву ад Іагана Гутэнберга, нямецкага выдаўца, які ў 1439 годзе выпусціў першы еўрапейскі друкаваны станок.
У 1971 годзе Майкл Харт, студэнт Ілінойскага ўніверсітэта, атрымаў доступ да сервера Xerox Sigma V і захацеў перавесці ў лічбавы від Дэкларацыю незалежнасці ЗША. Знаёмыя аператары дазволілі яму завесці рахунак з неабмежаванай колькасцю камп’ютарнага часу; яго кошт у той час па розных ацэнках складала 100 000 або 100 000 000 долараў.[5] Першапачаткова Харт збіраўся выкарыстаць гэты рахунак, каб зрабіць даступнымі 10 тысяч самых запатрабаваных кніг таго часу.[6] Тады і з’явілася ідэя праекта.
Да 2005 года калекцыя, сабраная ў рамках праекта, налічвала 17 000 тэкстаў. У снежні 2016 года на сайце было паказана, што для бясплатнай загрузкі даступна больш 53 000 дакументаў. Па стане на 20 мая 2020 года ў калекцыі 62 108 бясплатных электронных кніг.[7]