wd wp Пошук:

Антон Марціноўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Марціноўскі. Антон Марціноўскі (лац.: Antoni Marcinowski; 10 ліпеня 1781, Радашковічы — 3 студзеня 1855, Вільня; Псеўданімы: Патэлё) — выдавец і публіцыст.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і ўніяцкага капелана Яна Марціноўскага[1]. Скончыў Мінскую гімназію. У канцы 1807 г.[1] скончыў Віленскі ўніверсітэт. Адзін з арганізатараў Віленскага друкарскага таварыства і літаратурна-грамадскага аб’яднання шрубаўцаў (мянушка Патэла[1]). Рэдактар часопіса шрубаўцаў «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»). У 1807 г. адчыніў прыватную друкарню, адкуль выйшла звыш 400 назваў кніг розных галін ведаў. Таксама ўдзельнічаў у складанні зборніка «Збор старажытных грамат гарадоў Вільні, Коўна, Трокаў…».

Быў сакратаром візітараў школаў на Беларусі і Літве. У 1812 г. — сакратар Камісіі Часовага ўрада ВКЛ. Потым прыватны настаўнік у Вільні. Сакратар Віленскага аддзела Расійскага Біблейскага таварыства (1816). У 1820 г. — вілейскі межавы адвакат[1].

Член масонскай ложы «Паўночная паходня» ў Мінску, масон 1-й ст. у 1820 годзе[1].

Адзін з першых, хто цікавіўся ў Польшчы педагагічнымі метадамі Джозефа Ланкастэра і Іагана Песталоці. Перакладаў і пісаў працы па педагогіцы, сельскай гаспадарцы, тэхналогіі. Быў сябрам таварыства падтрымкі бедных вучняў (напісаў яго статут). З 30.02.1818 г. да канца 1839 г. друкаваў і рэдагаваў газету «Kurier Litowski», якая з 1831 г. набыла характар афіцыйны (з 1840 г. змяніла назву на «Kurier Wileński»). У 1818—1830 г. Марціноўскі рэдагаваў і друкаваў «Dziennik Wileński». У яго друкарні апублікаваны «Статут ВКЛ» (1819), «Байкі і расказы» І. Красіцкага (1820), «Паэзія» Ф. Д. Князьніна (1820 г.). Яго накладам (грашыма) і друкам выходзілі універсальныя падручнікі (напрыклад, табліцы для навучання па метаду Ланкастэра), літаратурныя творы, папулярныя сельскагаспадарчыя кніжкі, навучальныя працы І. Даніловіча, Т. Корбута і інш. Надзвычай працавіты, дзейны, прадпрымальніцкі. Добра ведаў гісторыю свайго краю, меў уплыў на розныя справы дабрачыннасці (ахвяраваў, напрыклад, 14,21 злотых на будаўніцтва кракаўскага помніка Касцюшку) і навуковыя, апякаў здольную моладзь. 15 красавіка 1824, пад час следства над філаматамі і філарэтамі, узяў на паручыцельства Э. Асташэўскага, а пазней А. Дудзіна. Марціноўскі стаў узорам новага тыпу патрыёта Беларусі (будучы палякам, любіць Беларусь, а будучы беларусам, любіць Польшчу)[1].

Магіла Антона Марціноўскага на могілках Роса, 2022 г.

У канцы жыцця страціў зрок. Пахаваны на могілках Роса ў Вільні[1].

Творы

Аўтар твора антыпрыгонніцкай сатыры «Машына для біцця хлопаў» (на польскай мове), надрукаванай у 1817 годзе ў «Wiadomości brukowe» № 8 без пазнакі аўтарства[2]; пакінуў у рукапісу «Успаміны» і працу «Думкі пра збіранне матэрыялаў і напісання гісторыі касцёлаў і кляштараў» (на полскай мове)[1].

Сям’я

Меў сына Дамініка (памёр у 1856 г.)[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Швед, В. В. Марцыноўскі Антоні Янавіч // Масоны і ложы на землях Беларусі (канец XVIII — першая чвэрць XIX ст.) : біябібліягр. слоўн.. — Гродна: ГрДУ, 2007. — 275 с. — ISBN 978-985-417-866-0.
  2. Machina do bicia chłopów // Wiadomości brukowe. 1817. № 8 (27 stycznia).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (23):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Нарадзіліся 10 ліпеня
Катэгорыя·Пахаваныя на могілках Роса
Катэгорыя·Члены масонскай ложы «Паўночная паходня»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1781 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1855 годзе
Катэгорыя·Памерлі 3 студзеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Радашковічах
Катэгорыя·Выпускнікі Мінскай губернскай гімназіі
Катэгорыя·Выдаўцы Беларусі
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Шубраўцы
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Масоны Беларусі
Катэгорыя·Памерлі ў Вільнюсе
Катэгорыя·Публіцысты Беларусі
Катэгорыя·Асобы