wd wp Пошук:

Антон Іванавіч Якімовіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Якімовіч. Антон Іванавіч Якімовіч (15 чэрвеня 1883, Кокатава, Мсціслаўскі павет, Расійская імперыя — 25 жніўня 1944, Беластоцкая вобласць, БССР) — савецкі ваенны дзеяч, удзельнік Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны, генерал-маёр (1942).

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Беларус[1].

З 1899 па 1901 год працаваў у Харкаве, Кіеве і Тбілісі рабочым на паравым млыне і фабрыцы мазаічных плітак. Актыўна ўдзельнічаў у стачках, забастоўках, распаўсюджваў рэвалюцыйныя лістоўкі. За ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях яго двойчы арыштоўвалі.

Удзельнічаў у баях на Паўднёва-Заходнім фронце Першай сусветнай вайны. У перыяд Лютаўскай рэвалюцыі служыў у 100-й артылерыйскай брыгадзе, быў абраны старшынёй батарэйнага і брыгаднага камітэтаў, намеснікам старшыні камітэта дывізіі, членам прэзідыума карпуснога салдацкага камітэта, дэлегатам двух салдацкіх з’ездаў Паўднёва-Заходняга фронту[2].

У студзені 1918 года добраахвотна ўступіў у Чырвоную армію і быў залічаны ў Ціраспальскі атрад памочнікам начальніка па артылерыі. Удзельнічаў у аперацыі па раззбраенні гайдамацкага кавалерыйскага палка ў раёне нямецкай калоніі ва Украіне, у баях на Паўднёва-Заходнім і Заходнім франтах — камандзірам дывізіёна.

У 1919 годзе ўдзельнічаў у баях супраць белагвардзейскіх фарміраванняў Дзянікіна ў раёне Кіева, Жытоміра, Фастава.

У 1920 годзе ўдзельнічаў у польска-савецкай вайне на тэрыторыі Украіны. За ўдзел у грамадзянскай вайне занесены па загаду Рэўваенсавета 12-й арміі на Чырвоную дошку[2].

У 1923 годзе скончыў Вышэйшую артылерыйскую школу. Служыў інструктарам артпалка ў Мангольскай Народнай Рэспубліцы.

У часе Вялікай Айчыннай вайны з 1941 года ваяваў на Паўднёва-Заходнім, Заходнім і 2-ім Беларускім франтах, камендант Літычэўскага ўмацаванага раёна ва Украіне і камендант 154-га ўмацаванага раёна Маскоўскай зоны абароны, камандзір 343-й стралковай дывізіі. Дывізія вызначылася пры вызваленні Беластока і атрымала ганаровае званне «Беластоцкай»[2].

Загінуў пры вызваленні польскага горада Ломжы 25 жніўня 1944 года. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску[3].

Узнагароды

Узнагароджаны медалямі і ордэнамі: Айчыннай вайны 1-й ступені, Кутузава 2-й ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонага Сцяга (двойчы).

Зноскі

  1. Узнагародны ліст А. І. Якімовіча
  2. 1 2 3 Гасянкоў, У. Л. Якімовіч Антон Іванавіч: Генералы з Мсціслаўшчыны // Памяць: Мсціслаўскі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мн., 1999. С. 263—264
  3. А. Карпук. Калі б камяні маглі гаварыць, або апошні прытулак генерала… (руск.) . Беларуская ваенная газета (29 жніўня 2014). Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2014. Праверана 26 сакавіка 2020.
Тэмы гэтай старонкі (22):
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 15 чэрвеня
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Кутузава II ступені
Катэгорыя·Загінулі ў баях Вялікай Айчыннай вайны
Катэгорыя·Памерлі 25 жніўня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1883 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без подпісу
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мсціслаўскім павеце
Катэгорыя·Памерлі ў Ламжынскім павеце
Катэгорыя·Пахаваныя на Вайсковых могілках (Мінск)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра ваенных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Кавалеры мангольскага ордэна Чырвонага Сцяга
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «XX гадоў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі»
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Айчыннай вайны I ступені
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Чырвонага Сцяга
Катэгорыя·Памерлі ў 1944 годзе
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Катэгорыя·Генерал-маёры СССР
Катэгорыя·Памерлі ў Беластоцкай вобласці
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мсціслаўскім раёне
Катэгорыя·Удзельнікі Першай сусветнай вайны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»