Антаніна Васілеўна Няжданава (1873 — 26 чэрвеня 1950) — руская і савецкая оперная спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Народная артыстка СССР (1936). Лаўрэат Сталінскай прэміі першай ступені (1943). Доктар мастацтвазнаўства (1944).
Скончыла Маскоўскую кансерваторыю па класе Умберта Мазеці ў 1902 годзе, была запрошаная салісткай ў Вялікі тэатр, дзе працавала больш за трыццаць гадоў, выконваючы галоўныя партыі ў операх рускіх і замежных кампазітараў.
У 1912 годзе яна адзіны раз у сваёй кар’еры выступіла ў Еўропе — у Парыжскай оперы праспявала партыю Джыльда ў оперы «Рыгалета» Дж. Вердзі.
Сярод іншых выкананых ёй партый — Людміла («Руслан і Людміла» М. І. Глінкі), Таццяна («Яўген Анегін» П. І. Чайкоўскага), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж. Расіні), Лакмэ (аднайменная опера Л. Дэліба), Снягурка, Волхава («Садко»), Шэмаханская царыца («Залаты пеўнік» Рымскага-Корсакава) і многія іншыя. Найбольшую вядомасць Няжданавай прынеслі ролі Антаніды ў оперы М. І. Глінкі «Жыццё за цара» і Марфы ў «Царскай нявесце» М. А. Рымскага-Корсакава. Акрамя оперных партый Няжданава таксама выконвала камерныя вакальныя творы, часта выступаючы ў ансамблі з мужам М. С. Галаванавым. У шырокім рэпертуары Няжданавай значнае месца займалі народныя песні.
З 1936 года яна выкладала ў опернай студыі Вялікага тэатра, у Опернай студыі імя К. С. Станіслаўскага, у 1943—1950 гадах — у МДК імя П. І. Чайкоўскага (прафесар з 1943 года).