wd wp Пошук:

Опера Гарнье

Пары́жская о́пера (фр.: Opéra de Paris), тое ж, што Гранд-апера́ (Гранд-Апера́[1]; фр.: Grand Opéra), у сучаснай Францыі вядомая як Апера́ Гарнье́ (фр.: Opéra Garnier) — тэатр у Парыжы, адзін з самых вядомых і значных тэатраў оперы і балета свету.

Гісторыя

Заснаваны ў 1669 годзе, адкрыты ў 1671 годзе як Каралеўская акадэмія музыкі (да XIX стагоддзя назвы мяняліся).

У 1713 годзе пры тэатры створана балетная школа.

З 1875 года працуе ў будынку, пабудаваным архітэктарам Ш. Гарнье (рэканструяваны ў 1936 годзе; размалёўка плафона М. Шагала, 1963—1965), і называецца «Гранд-Апера».

Дзейнасць тэатра

Дзейнасць тэатра звязана з увасабленнем на сцэне твораў розных жанраў нацыянальнай французскай оперы: лірычная трагедыя, опера-балет, вялікая опера, лірычная опера і інш.

Ставіліся творы Ж. Б. Люлі (у 1672—1687 гадах быў кіраўніком тэатра), Ж. Ф. Рамо, К. В. Глюка, Дж. Расіні, Дж. Меербера, Г. Берліёза, Г. Даніцэці, А. Адана, Ш. Гуно, Дж. Вердзі, Р. Вагнера, Ж. Маснэ, К. Сен-Санса, Л. Дэліба і іншых, некаторыя з іх у тэатры пастаўлены ўпершыню.

Склалася французская школа класічнага танца.

Акрамя опер і балетаў французскіх кампазітараў у рэпертуары сусветная класіка, у т.л. руская (творы М. Мусаргскага, М. Рымскага-Корсакава, П. Чайкоўскага, І. Стравінскага, С. Пракоф’ева).

У тэатры выступалі і выступаюць вядомыя спевакі, у т.л. М. Ф. Малібран, П. М. Bіярдо-Гарсія, Джулія Грызі, Д. Дзюваль, М. Калас, Э. Каруза, Ф. Шаляпін, А. Няжданава, Ц. Гобі, М. Геда; артысты балета М. Тальёні, К. Грызі, Л. Дарсанваль, Л. Дэйдэ, В. Ніжынскі, С. Перэці, С. Атанасаў, П. Бар; сярод балетмайстраў Ж. Ж. Навер, Л. Петыпа, С. Ліфар, М. М. Фокін, М. Бежар, у 1985—1989 гадах мастацкі кіраўнік балетнай трупы — Р. Нурыеў, дырыжоры Ш. Ламуро, Э. Катон, П. Манцё, Р. Дэзарм’ер, Ш. Мюнш, Л. Фарэсцье, П. Булез і іншыя.

З 1990 года працуе балетная сцэна, у будынку на плошчы Бастыліі — оперная.

Зноскі

  1. «Гранд-Опера» («Опера Гарнье») (нявызн.). Театры и залы. Belcanto.ru. Праверана 24 снежня 2015.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Тэатры Парыжа
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Тэатры паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·З’явіліся ў 1875 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Тэатры балета
Катэгорыя·Збудаванні ў стылі неабарока