wd wp Пошук:

Антанкарана

Антанкара́на (малагас. Antankarana, літаральна “тыя, што ў скалах”), або антакарана (Antankarana), танкарана (Tankarana) - этнічная група малагасійцаў. Насяляюць паўночную частку Мадагаскара. Агульная колькасць - 167 тыс. чал.[1]

Паходжанне

Продкамі антанкарана былі мігранты з Паўднёва-Усходняй Азіі і Ўсходняй Афрыкі. У XIV - XIX ст. моцны ўплыў таксама аказалі выхадцы з арабскіх краін, Індыі і Еўропы. Фарміраванню адзінай этнічнай групы з агульнай тоеснасцю спрыяла ізаляванасць тэрыторыі населенай антанкарана ад астатняга Мадагаскара, шырокія кантакты з вонкавым светам, а таксама супольная барацьба супраць заваёўнікаў сакалава, мерына і французаў у XVIII - пач. XX стст., што багата адлюстравана ў паданнях антанкарана.

У XVIII ст. склалася дзяржаўнае ўтварэнне з манархічнай формай кіравання. У XIX ст. манархі антанкарана прынялі іслам, што яшчэ больш адасобіла гэтую этнічную групу ад астатніх малагасійцаў. Але ў кан. XIX ст. антанкарана былі канчаткова заваяваны французамі, пазней іх тэрыторыі ўвайшлі ў склад незалежнага Мадагаскара.

Культура

Антанкарана традыцыйна займаюцца жывёлагадоўляй, важную ролю адыгрываюць лоў рыбы і кабатажнае суднаходства. Земляробства мае дадатковае значэнне і, у асноўным, забяспечвае мясцовыя патрэбы. Матэрыяльная культура блізкая да бецымісарака.

Адзінства і адасобленасць ад астатніх малагасійцаў захоўваецца дзякуючы атаесамленню з манархамі, якія ў наш час захоўваюць рытуальныя кіраўнічыя функцыі, а таксама шматлікім супольным святам. Найбольш важныя з іх - цангацайні, які праводзіцца раз на 5 гадоў і заснаваны на шанаванні прыродных аб’ектаў, а таксама штогадовае свята шанавання продкаў цакафара.

Мова

Размаўляюць на дыялекце малагасійскай мовы, блізкай да дыялектаў сакалава.

Рэлігія

Большасць антанкарана прытрымліваецца традыцыйных вераванняў, заснаваных на кульце продкаў. Распаўсюджаны шаманізм. Каля 15% спавядаюць хрысціянства (з іх 60% - каталікі, 35% - пратэстанты) і каля 6% - іслам. Іслам моцна паўплываў на традыцыйныя рэлігійныя вераванні.

Зноскі

  1. Antakarana

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Народы Афрыкі
Катэгорыя·Малагасійцы