У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Струміла. А́нджэй Струмі́ла (польск.: Andrzej Strumiłło; 23 кастрычніка 1927[4], Вільня[5] — 9 красавіка 2020, Сувалкі[6]) — польскі мастак беларускага паходжання, графік, скульптар, фатограф, паэт, пісьменнік, сцэнограф. Лаўрэат залатога медаля «За заслугі ў культуры Gloria Artis»[7].
Нарадзіўся 23 кастрычніка 1927 года ў Вільні[8]. Дзяцінства правёў у родным засценку маці — Суданах пад Свянцянамі[9]. Да Другой сусветнай вайны быў міністрантам у касцёле Святых Пятра і Паўла на Антокалі. Навучаўся ў Дзяржаўнай вышэйшай школе пластычных мастацтваў у Лодзі, а ў 1950 годзе атрымаў дыплом выпускніка Акадэміі прыгожых мастацтваў у Кракаве.
У 1949—1953 працаваў асістэнтам у абодвух вучылішчах. З 1956 года праектаваў выставачныя павільёны для Польскай гандлёвай палаты.
У 1977—1980 — кантрактны прафесар Кракаўскай АПМ, у 1987—1988 — выкладчык сувалкаўскай філіі Акадэміі каталіцкай тэалогіі. У 1982—1984 займаў пасаду кіраўніка графічнай майстэрні пры сакратарыяце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку. Вярнуўшыся ў Польшчу, пасяліўся на Чорнай Ганчы, «каб быць бліжэй да Вільні»[4][9].
Памёр раніцай 9 красавіка 2020 года ў Сувалках[8]. 15 красавіка пасля жалобнай імшы, якую адслужылі ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Віграх, урна з прахам мастака была пахаваная на парафіяльных могілках у Магдалянове[pl].
Выдаў два зборнікі паэзіі: Moje і Jak. У 2008 годзе выйшаў збор артыкулаў і ілюстрацый Factum est (лац.: Стала так), а ў 2009 — «Ja. Poezje wybrane». Разам з Чэславам Мілашам і Томасам Венцлавам быў ініцыятарам выдання «Кнігі Вялікага Княства Літоўскага» — зборніку эсэ беларускіх, літоўскіх і польскіх аўтараў.
У 2008 годзе ў Сувалках адкрылася галерэя мастака, дзе выстаўленыя карціны, скульптуры, фотаздымкі і рысункі Анджэя Струмілы[10][11].
У Беларусі неаднаразова праходзілі выстаўкі Струмілы. Падчас сустрэчы са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у 2017 годзе ён падкрэсліў, што з’яўляецца «грамадзянінам ВКЛ» і лічыць Беларусь сваёй Бацькаўшчынай.
Беларусь, мінская зямля — гэта мая Бацькаўшчына. Мой дзед і мой бацька нарадзіліся ў Мінску. Я ў Мінску сам бываў, ёсць у мяне сябры, аўтары, дзеячы культуры. Беларуская мова вельмі блізкая майму сэрцу. |
Фільм «Сума» («Summa») беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы пра Анджэя Струмілу прызнаны найлепшай сярэднеметражнай стужкай на фестывалі дакументальнага кіно ў Амстэрдаме[8].