У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Жукаў. Анатоль Барысавіч Жу́каў[2] (6 жніўня 1901, Харкаў — 22 верасня 1979, Масква) — савецкі вучоны ў галіне лясной гаспадаркі, доктар сельскагаспадарчых навук (1948), прафесар (1950), акадэмік Акадэміі навук СССР (1966). Заслужаны дзеяч навукі РСФСР.
Нарадзіўся ў Харкаве. З сярэбраным медалём скончыў Харкаўскую другую мужчынскую казённую гімназію і ў 1919 годзе паступіў на лясны факультэт Харкаўскага інстытута сельскай гаспадаркі і лесаводства, які скончыў у 1923 годзе. Адначасова з вучобай у 1920—1921 гг. працаваў статыстам ва Упраўленні паўднёвых чыгунак і ў 1922—1923 гг. таксатарам у Харкаўскім губернскім упраўленні лясамі[3]. У 1923 годзе, пасля атрымання дыплома быў накіраваны ў Сумскую вобласць памочнікам ляснічага ў Трасцянецкім доследным лясніцтве[4]. У 1928 годзе прызначаны загадчыкам лесатэхнічным аддзелам Цэнтральнай лясной доследнай станцыі Украіны. У 1930—1937 гг. — загадчыка аддзелам лесаводства Украінскага навукова-даследчага інстытута лясной гаспадаркі і агралесаміліярацыі, намеснік дырэктара па навуковай рабоце.
У 1938 годзе А. Б. Жукаў прызначаны намеснікам дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута лясной гаспадаркі. У 1954—1956 гг. — намеснік дырэктара, дырэктар Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута лясной гаспадаркі. У 1948 годзе на вучоным савеце Інстытута лесу АН СССР абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Дубравы Украины и способы их восстановления». У 1956 годзе па запрашэнню акадэміка У. М. Сукачова А. Б. Жукаў перайшоў працаваць у Інстытут лесу, дзе ўзначаліў аддзел лесаводства. У 1959 годзе пад яго кіраўніцтвам Інстытут лесу АН СССР быў пераведзены ў Краснаярск і на яго аснове створаны Інстытут лесу і драўніны Сібірскага аддзялення АН СССР (сучасны Інстытут лесу імя У. М. Сукачова Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук).
У 1966 годзе А. Б. Жукаў абраны сапраўдным членам АН СССР.
Памёр А. Б. Жукаў 21 верасня 1979 г. Пахаваны ў Маскве[3].
Вучонаму належаць працы па пытаннях біяцэналогіі дубовых лясоў, стварэння лесапалос, вырошчвання лясоў прамысловага значэння і інш. Ён займаўся вывучэннем лясоў Сібіры, у тым ліку лясоў басейна возера Байкал.
У 1972 годзе па ініцыятыве А. Б Жукава быў створаны Навуковы савет па праблемах лесу АН СССР. У 1954 і 1960 гг. ён узначальваў дэлегацыі СССР на сусветных лясных кангрэсах у Індыі і ЗША. У 1967—1979 гг. галоўны рэдактар часопіса «Лесоведение» і член рэдакцыйнай калегіі часопіса «Лесное хозяйство». А. Б. Жукаў таксама ўваходзіў у склад навуковых саветаў Міністэрства лясной гаспадаркі СССР, Дзяржаўнага камітэта лясной гаспадаркі СССР[4], быў старшынёй Аб’яднанага вучонага савета па біялагічным навукам Сібірскага аддзялення АН СССР, членам прэзідыума Сібірскага аддзялення[4].
Двойчы (1970 і 1974 гг.) абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Быў дэпутатам мясцовых Саветаў.