wd wp Пошук:

Анастасія Аляксандраўна Булыбенка

Анастасія Аляксандраўна Булыбенка (нар. 23 верасня 2001) — беларуская грамадская актывістка, палітычная зняволеная, асуджаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе[1].

Біяграфія

Разам з мамай Аксанай Анастасія жыла ў Магілёве, там у Аксаны была свая крама касметыкі ручнога вырабу. Выдатна вучылася, грала ў тэатры і КВЗ, падзарабляла, каб дапамагчы маме. Скончыла мастацкую школу і дасылала свае працы на выставы. Калі Анастасія вырашыла атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Мінску, Аксана закрыла краму і разам з дачкой пераехала ў Мінск. Анастасія паступіла ў БНТУ, на машынабудаўнічы факультэт, на бюджэт[2][3]. У пачатку верасня 2020, калі затрымалі студэнтку БНТУ Вікторыю Гранкоўскую (яна збірала подпісы пад зваротам да рэктара наконт падаўжэння дыстанцыйнай адукацыі, за што атрымала суткі арышту), Анастасія са сцягам БНТУ ўстала перад уваходам у галоўны корпус за абарону правоў студэнтаў, пасля чаго пачаліся выклікі ў дэканат на «размовы», напісанне тлумачэнняў[3].

Палітычны пераслед 2020—2022

Першы раз Анастасію затрымалі на жаночым маршы 19 верасня 2020, без складання пратаколу, пазней Анастасія атрымала ліст, што выйшаў тэрмін для прыцягнення да адказнасці. У другі раз яе затрымалі на маршы 17 кастрычніка. У аўтазаку яе лоб, спіну і руку пазначылі фарбай з балончыка, што пасля заснялі ў РАУС на відэа[4]. У межах адміністрацыйнага пакарання суд Партызнаскага раёну прысудзіў дзяўчыне 10 сутак, выйшла з якіх Анастасія 27 кастрычніка з ІЧУ у Баранавічах. 28 кастрычніка, ў сераду, яна ўжо была на парах ва універсітэце, а напачатку наступнага тыдня яна атрымала загад на сваё адлічэнне «за пропускі», які быў падпісаны задняй датай[5]. Як адзначае мама Анастасіі Аксана: “Пасля гэтых сутак Ася выйшла ў вельмі дрэнным стане. У яе псарыяз, ён вельмі абвастрыўся ў сувязі з гэтымі падзеямі. Былі жудасныя ўмовы зняволення: яна сядзела на Акрэсціна і ў Баранавічах. І хоць дзяўчаты ў камеры рабілі ўсё, каб ёй дапамагчы: размеркавалі абавязкі, каб Насці не прыйшлося нічога мыць вадой, дзяліліся сродкамі гігіены, — рукі запаліліся настолькі, што яна не магла разагнуць пальцаў, скура трэскалася да крыві. Насця не мылася 10 дзён, на Акрэсціна галадалі практычна, што ўжо казаць пра дыету, рэкамендаваную хворым на псарыяз — дыеты не было. Добра, што іншыя зняволеныя дзяўчаты дзяліліся з Насцяй прадуктамі, сурвэткамі, рэчамі. Толькі праз 4 дні, калі яна ўжо трапіла ў Баранавічы, я змагла перадаць прадукты і лекі[3].

12 лістапада 2020 года, праз два тыдні пасля таго, як яна выйшла з сутак, Анастасія Булыбенка была арыштавана дома пасля вобшуку супрацоўнікамі КДБ ў межах справы студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), пасля чаго была змяшчана пад варту ў СІЗА КДБ, затым была пераведзена ў СІЗА на Валадарскага.

18 лістапада 2020 года сумеснай заявай пятнаццаці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, была прызнана палітычнай зняволенай. У сваёй заяве праваабаронцы адзначылі, што лічаць пазбаўленне волі абвінавачаных па студэнцкай справе адвольным і палітычна матываваным[6][7].

20 студзеня 2021 года шэфства над палітзняволенай узяла Карына Конрад, дэпутатка Бундэстага і чалец Дэлегацыі па сувязям з Беларуссю, якая з гэтай нагоды адзначыла: «Мае думкі з Анастасіяй Булыбенка, затрыманай студэнткай, якая, як і многія іншыя, стала нявіннай ахвярай рэпрэсій і гвалту. Арышты і прымусовыя адлічэнні студэнтаў, якія пратэстуюць мірна, непрымальныя і павінны быць неадкладна адменены»[8].

Таксама 20 студзеня 2021 года сумеснай заявай чатырнаццаці ўкраінскіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Асацыяцыя ўкраінскіх манітораў захавання правоў чалавека ў дзейнасці праваахоўных органаў(укр.) бел., Украінскі Хельсінскі саюз па правах чалавека(укр.) бел., Харкаўская праваабарончая група(укр.) бел., Восток-SOS(укр.) бел., арышт Анастасіі Булыбенка быў прызнаны незаконным і кваліфікаваны як гвалтоўнае знікненне(польск.) бел.[9][10].

16 ліпеня 2021 года суд Савецкага раёна Мінска (суддзя — Марына Фёдарава, ужо ўнесеная ў Чорны спіс Еўрасаюза 17 снежня 2020 года за шматлікія палітычна матываваныя прысуды, пракуроры: Анастасія Маліка, Раман Чабатароў) прысудзіў Анастасіі Булыбенка, якая не прызнала віну, два з паловай гады пазбаўлення волі[11][12]. Паводле «Белсата», толькі блізкіх сваякоў пусцілі на абвяшчэнне прысуду праз «недахоп месцаў», а да будынка суда сцягнулі тры мікрааўтобусы з АМАПам і патрулі міліцыі*[12]*. У калідоры суда была чарга больш за 50 чалавек; таксама на абвяшчэнне прысуду прыехалі паслы Чэхіі, Швецыі, ЗША і Вялікабрытаніі, але і іх не пусцілі[12].

Са жніўня 2021 года адбывала тэрмін зняволення ў гомельскай калоніі[13]. Вызвалілася 30 лістапада 2022 года.

Зноскі

  1. https://prisoners.spring96.org/be/person/anastasija-bulybenka
  2. https://tsikhanouskaya.org/be/events/news/fe8a5eb33eef9e8.html
  3. 1 2 3 https://novychas.online/hramadstva/mama-ja-nikoli-ne-zlamajusja-vyjdu-z-turmy-z-vy
  4. https://m.nashaniva.com/articles/269541/
  5. https://novychas.online/hramadstva/mama-palitznjavolenaj-studentki-hetyja-dzeci-i
  6. https://belhelcom.org/ru/news/zayavlenie-protesta-protiv-nastupleniya-na-zadzinochanne-belaruskih-studentau
  7. https://spring96.org/be/news/100557
  8. https://www.lphr.org/en/carina-konrad-fdp-neale-richmond-fine-gael-and-denis-naughten-independent-have-taken-over-a-godparenthood-for-political-prisoners-in-belarus/
  9. Заява правозахисних організацій щодо незаконно утримуваних білоруських студентів(укр.) . Асацыяцыя ўкраінскіх манітораў захавання правоў чалавека ў дзейнасці праваахоўных органаў(укр.) бел. (20 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 30 кастрычніка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
  10. Правозахисники України закликають міжнародну спільноту захистити незаконно утримуване в Білорусі студентство(укр.) . Новинарня(укр.) бел. (20 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 7 сакавіка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
  11. Неведомская, Татьяна. Родные обвиняемых по “делу студентов”: Приговор не удивляет(руск.) . Deutsche Welle (16 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 21 кастрычніка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
  12. 1 2 3 Вынесены прысуд па “справе студэнтаў”: 11 фігурантам — па два з паловай гады калоніі, аднаму — два гады (бел.) . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (16 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 27 кастрычніка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
  13. https://rada.vision/by/sprava-studenta-etapavanne-figuranta-i-data-razglyadu-apelyacyi

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 23 верасня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Справа студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з украінскай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з польскай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 2001 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення праваабарончым цэнтрам «Вясна»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Выпускнікі БНТУ